Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае прыніжаючы сябе
2 ЛЕТАПІСАЎ 7 : 14
14 і калі ўпакорыцца народ Мой, які завецца імем Маім, і будзе маліцца і шукаць аблічча Маё, і адвернуцца ад шляхоў сваіх ліхіх, Я пачую з неба і прабачу грахі іхнія, і аздараўлю зямлю іхнюю.
ЯКУБА 4 : 6
6 Але яшчэ большую дае ласку і дзеля гэтага кажа: «Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае».
ГЕБРАЯЎ 11 : 6
6 А бяз веры спадабацца [Богу] немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае.
1 ПЯТРА 5 : 6
6 Дык скарыцеся пад уладную руку Божую, каб Ён узьвялічыў вас у свой час.
ЭФЭСЦАЎ 2 : 8 – 9
8 Бо ласкаю [Божай] вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар:
9 не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.
ЯНА 14 : 6
6 Кажа яму Ісус: «Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне.
АДКРЫЦЬЦЁ 3 : 10
10 А што ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, і Я захаваю цябе ад гадзіны спакусы, якая мае прыйсьці на ўвесь сусьвет, каб спакусіць жыхароў зямлі.
ЯКУБА 1 : 1 – 27
1 Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці каленам, што ў расьцярушаньні: радавацца!
2 Вялікай радасьцю лічыце, браты мае, калі трапляеце ў розныя спакусы,
3 ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры робіць цярплівасьць.
4 А цярплівасьць няхай мае дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалымі і суцэльнымі, без аніякага недахопу.
5 Калі ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчыра і не дакараючы, і будзе яму дадзена.
6 Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняецца, падобны да хваляваньня марскога, якое вецер уздымае і ганяе.
7 Дык няхай не мяркуе гэтакі чалавек, што нешта атрымае ад Госпада.
8 Двудушны чалавек няцьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
9 Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваёй высокасьцю,
10 а багаты — сваім паніжэньнем, бо праміне, як кветка на траве.
11 Бо ўзыходзіць сонца са сьпёкаю і сушыць траву, і кветка яе падае, і хараство аблічча яе зьнікае; гэтак і багаты на шляхах сваіх счэзьне.
12 Шчасьлівы чалавек, які вытрымлівае спакусу, бо, стаўшыся выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
13 Спакушаны, ніхто няхай ня кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца злом, і Сам нікога не спакушае.
14 А кожны спакушаецца, захоплены і прываблены ўласным пажаданьнем;
15 пасьля пажаданьне, зачаўшы, нараджае грэх, а грэх, як яго давесьці да канца, спараджае сьмерць.
16 Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя:
17 усякі дар добры і ўсякі дарунак дасканалы зыходзяць з вышыні, ад Айца сьвятла, у Якога няма рознасьці, ані ценю зьменлівасьці.
18 Захацеўшы, Ён спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам стварэньняў Ягоных.
19 Так што, браты мае ўлюбёныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі, каб слухаць, павольны, каб гаварыць, павольны на гнеў,
20 бо гнеў чалавека ня чыніць праведнасьці Божае.
21 Дзеля гэтага, адкінуўшы ўсякі бруд і празьмернасьць ліхоты, у ціхасьці прыйміце насаджанае слова, якое можа збавіць душы вашыя.
22 Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, якія ўводзяць у зман саміх сябе.
23 Бо хто слухае слова і не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядае аблічча сваё, [якое мае ад] нараджэньня, у люстэрку;
24 бо ён паглядзеў на сябе, і адыйшоў, і адразу забыўся, які ён.
25 А хто прыхіляецца да дасканалага закону свабоды і трывае [ў ім], той, стаўшыся не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, шчасьлівы будзе ў дзейнасьці сваёй.
26 Калі хто сярод вас думае, што ён пабожны, і не цугляе язык свой, але падманвае сэрца сваё, у таго пабожнасьць марная.
27 Чыстая і беззаганная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць у тым, каб адведваць сіротаў і ўдоваў у горы іхнім і захоўваць сябе неапаганеным ад сьвету.
ЯНА 3 : 1 – 36
1 Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі.
2 Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог».
3 Адказаў яму Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага».
4 Кажа Яму Нікадэм: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?»
5 Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае.
6 Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух.
7 Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш.
8 Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа».
9 Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?»
10 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш?
11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце.
12 Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае?
13 І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў.
14 І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.
18 Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя.
20 Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя.
21 А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».
22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў.
23 Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся,
24 бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу.
25 І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне.
26 І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго».
27 Адказаў Ян і сказаў: «Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.
28 Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”.
29 Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася.
30 Яму трэба расьці, а мне — малець».
31 Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх,
32 і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага.
33 Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы.
34 Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа.
35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.
36 Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.
2 КАРЫНЬЦЯНАЎ 5 : 14
14 Бо любоў Хрыстова панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
Leave a Reply