Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае уразлівасць
ЯКУБА 1 : 1 – 27
1 Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці каленам, што ў расьцярушаньні: радавацца!
2 Вялікай радасьцю лічыце, браты мае, калі трапляеце ў розныя спакусы,
3 ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры робіць цярплівасьць.
4 А цярплівасьць няхай мае дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалымі і суцэльнымі, без аніякага недахопу.
5 Калі ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчыра і не дакараючы, і будзе яму дадзена.
6 Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняецца, падобны да хваляваньня марскога, якое вецер уздымае і ганяе.
7 Дык няхай не мяркуе гэтакі чалавек, што нешта атрымае ад Госпада.
8 Двудушны чалавек няцьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
9 Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваёй высокасьцю,
10 а багаты — сваім паніжэньнем, бо праміне, як кветка на траве.
11 Бо ўзыходзіць сонца са сьпёкаю і сушыць траву, і кветка яе падае, і хараство аблічча яе зьнікае; гэтак і багаты на шляхах сваіх счэзьне.
12 Шчасьлівы чалавек, які вытрымлівае спакусу, бо, стаўшыся выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
13 Спакушаны, ніхто няхай ня кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца злом, і Сам нікога не спакушае.
14 А кожны спакушаецца, захоплены і прываблены ўласным пажаданьнем;
15 пасьля пажаданьне, зачаўшы, нараджае грэх, а грэх, як яго давесьці да канца, спараджае сьмерць.
16 Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя:
17 усякі дар добры і ўсякі дарунак дасканалы зыходзяць з вышыні, ад Айца сьвятла, у Якога няма рознасьці, ані ценю зьменлівасьці.
18 Захацеўшы, Ён спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам стварэньняў Ягоных.
19 Так што, браты мае ўлюбёныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі, каб слухаць, павольны, каб гаварыць, павольны на гнеў,
20 бо гнеў чалавека ня чыніць праведнасьці Божае.
21 Дзеля гэтага, адкінуўшы ўсякі бруд і празьмернасьць ліхоты, у ціхасьці прыйміце насаджанае слова, якое можа збавіць душы вашыя.
22 Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, якія ўводзяць у зман саміх сябе.
23 Бо хто слухае слова і не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядае аблічча сваё, [якое мае ад] нараджэньня, у люстэрку;
24 бо ён паглядзеў на сябе, і адыйшоў, і адразу забыўся, які ён.
25 А хто прыхіляецца да дасканалага закону свабоды і трывае [ў ім], той, стаўшыся не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, шчасьлівы будзе ў дзейнасьці сваёй.
26 Калі хто сярод вас думае, што ён пабожны, і не цугляе язык свой, але падманвае сэрца сваё, у таго пабожнасьць марная.
27 Чыстая і беззаганная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць у тым, каб адведваць сіротаў і ўдоваў у горы іхнім і захоўваць сябе неапаганеным ад сьвету.
ПСАЛЬМЫ 103 : 1 – 22
1 Псальм Давіда. Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА, і ўсё нутро маё — імя Ягонае сьвятое!
2 Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА і не забывайся пра ўсё, што Ён зрабіў!
3 Ён даруе табе ўсе беззаконьні твае, вылечвае ўсякую немач тваю,
4 вызваляе ад магілы жыцьцё тваё, літасьцю вялікай і міласэрнасьцю карануе цябе,
5 насычае дабром старасьць тваю, аднаўляе, як у арла, маладосьць тваю.
6 Праведнасьць чыніць ГОСПАД і суд для ўсіх прыгнечаных.
7 Ён зрабіў вядомымі шляхі Свае Майсею, сынам Ізраіля — учынкі Свае.
8 Спагадлівы і літасьцівы ГОСПАД, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць.
9 Не назаўсёды Ён гневам палае і ня вечна памятае ліхое.
10 Не паводле грахоў нашых нам Ён дае і не ўчыняе з намі паводле беззаконьняў нашых,
11 бо як высока неба над зямлёю, так вялікая міласэрнасьць Ягоная да тых, што баяцца Яго,
12 як далёкі ад захаду ўсход, так [далёка] Ён нашыя правіны ад нас аддаліў,
13 як літуецца бацька над сынамі, так ГОСПАД літуецца над тымі, што баяцца Яго.
14 Бо ведае Ён настаўленьне нашае, памятае, што мы — [толькі] пыл.
15 Дні чалавечыя — як трава; як кветка ў полі, так ён квітнее,
16 бо пройдзе над ім вецер, і няма яго, і ўжо месца ягонае больш не пазнае яго.
17 Але міласэрнасьць ГОСПАДА ад веку і на вякі над тымі, што баяцца Яго, і праведнасьць Ягоная — над сынамі сыноў
18 тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і загады Ягоныя памятаюць, каб выконваць іх.
19 ГОСПАД умацаваў пасад Свой на нябёсах, і валадарства Ягонае над усім пануе.
20 Дабраславіце ГОСПАДА, анёлы Ягоныя, магутныя моцаю, што выконваеце слова Ягонае, чуючы голас слова Ягонага!
21 Дабраславіце ГОСПАДА, усе войскі Ягоныя, служыцелі Ягоныя, што выконваеце волю Ягоную!
22 Дабраславіце ГОСПАДА, усе творы Ягоныя па ўсіх месцах панаваньня Ягонага! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА!
МАЦЬВЕЯ 6 : 33
33 Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам.
Leave a Reply