Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае надмагіллі
2 ВАЛАДАРОЎ 23 : 17
17 І сказаў [Ёсія]: «Што гэта за помнік, які я бачу?» І сказалі яму жыхары гораду: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юды і абвясьціў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».
2 ЦІМАФЕЯ 3 : 16
16 Усё Пісаньне натхнёнае Богам і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў праведнасьці,
ЕГОШУА 1 : 1 – 18
1 Пасьля сьмерці Майсея, слугі ГОСПАДА, сказаў ГОСПАД да Егошуа, сына Нуна, памочніка Майсея.
2 «Майсей, слуга Мой, памёр. Дык цяпер ты ўстань і перайдзі праз гэты вось Ярдан, ты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля.
3 Кожнае месца, на якое ступіць нага вашая, Я даю вам, як Я сказаў Майсею.
4 Ад пустыні і ад Лібану гэтага аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат, уся зямля Хетаў, і аж да Вялікага Мора на захад сонца будзе мяжа вашая.
5 Ніхто ня зможа супрацівіцца табе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго, і як Я быў з Майсеем, так буду з табою. Не пакіну цябе і не адступлю ад цябе.
6 Будзь цьвёрды і мужны, бо ты гэтаму народу жэрабям разьдзеліш зямлю, якую Я запрысяг бацькам іхнім, што дам ім.
7 Толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, каб старанна выконваў увесь Закон, які пераказаў табе Майсей, слуга Мой. Не адступішся ад яго ані ўправа, ані ўлева, каб меў посьпех у-ва ўсім, да чаго будзеш імкнуцца.
8 Няхай не адыйдзе гэтая кніга Закону ад вуснаў тваіх, але будзеш разважаць над ёй удзень і ўначы, каб старанна выканаць усё, што напісана ў ёй. Тады будуць шчасьлівыя шляхі твае і будзеш мець посьпех.
9 Вось, Я загадваю табе: “Будзь цьвёрды і мужны, не палохайся і ня бойся, бо з табою ГОСПАД, Бог твой, усюды, куды ні пойдзеш”».
10 Загадаў тады Егошуа начальнікам народу: «Прайдзіце праз табар і загадайце народу, кажучы:
11 “Прыгатуйце сабе ежу, бо праз тры дні вы пяройдзеце праз гэты Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам на ўласнасьць”».
12 А [сынам] Рубэна і Гада, і палове калена Манасы сказаў:
13 «Узгадайце, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД, Бог ваш, даў вам супакой і зямлю гэтую.
14 Жонкі вашыя, і дзеці вашыя, і жывёла вашая будуць у зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам, а вы пяройдзеце са зброяй перад братамі вашымі, усе мужныя ваяры, і будзеце дапамагаць ім,
15 аж пакуль дасьць ГОСПАД супакой братам вашым, як і вам даў, каб яны таксама валодалі зямлёй, якую ГОСПАД, Бог ваш, мае даць ім. А потым вернецеся ў зямлю пражываньня вашага, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам на ўсход сонца, і будзеце жыць у ёй”».
16 І яны адказалі Егошуа, кажучы: «Усё, што ты загадаў нам, зробім, і куды пашлеш, пойдзем.
17 Як слухалі мы ў-ва ўсім Майсея, так будзем слухаць цябе. Толькі няхай будзе ГОСПАД, Бог твой, з табою, як быў з Майсеем.
18 Хто будзе пярэчыць вуснам тваім і ня слухацца словаў тваіх, што загадаеш, няхай будзе пакараны сьмерцю. Ты толькі будзь цьвёрды і мужны».
ІСАЯ 66 : 1 – 24
1 Гэта кажа ГОСПАД: «Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які [павінен быць] дом, што вы пабудуеце Мне, і якое месца супачынку Майго?»
2 Усё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта Маё, кажа ГОСПАД. Але Я гляджу на таго, хто бедны і прыгнечаны духам і хто трымціць перад словам Маім.
3 [Ёсьць такі,] што забівае ў ахвяру вала і забівае чалавека; ахвяроўвае барана і скручвае галаву сабаку, складае ахвяру хлебную і ўжывае кроў сьвіньні, паліць кадзіла і шануе ідала. Як яны выбралі шляхі свае, і душа іхняя ўпадабала брыдоту,
4 Я таксама выберу ім долю ліхую, і тое, чаго яны баяцца, навяду на іх, бо Я клікаў, і ніхто не адказваў, гаварыў, а яны ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і тое выбіралі, што не падабалася Мне.
5 Слухайце слова ГОСПАДА вы, якія трымціце перад словам Ягоным. Кажуць браты вашыя, якія ненавідзяць вас, якія выганяюць вас з прычыны імя Майго: «Няхай ГОСПАД зьявіць славу Сваю, каб мы ўбачылі радасьць вашую», але яны будуць асаромленыя.
6 Голас гоману з гораду, голас са Сьвятыні, [гэта] голас ГОСПАДА, Які дае адплату ворагам Сваім.
7 Перш, чым адчула боль радзінаў, нарадзіла [дзіця], перш, чым прыйшлі роды, нарадзіла хлопца.
8 Хто калі чуў пра такое? Хто бачыў падобнае? Ці нараджаецца зямля ў адзін дзень? Ці нараджаецца народ адным разам? Бо Сыён ледзь адчуў боль радзінаў і ўжо нарадзіў сыноў сваіх!
9 Ці Я давяду да ўлоньня і ня дам нарадзіць, кажа ГОСПАД? Ці Я, даючы моц нарадзіць, зачыню [ўлоньне], кажа Бог твой.
10 Радуйцеся з Ерусалімам, весяліцеся ў ім усе, якія любіце яго. Цешцеся з ім радасьцю ўсе, якія смуткавалі дзеля яго,
11 каб вы смакталі і насыціліся з грудзей пацяшэньня ягонага, каб вы смакталі і насалоджваліся з грудзей славы ягонай.
12 Бо гэта кажа ГОСПАД: «Вось, Я накірую да яго мір, як раку, і славу народаў — як павадкавы ручай. На руках будуць насіць вас і на каленях будуць песьціць.
13 Як маці суцяшае [дзіця], так Я суцешу вас, і ў Ерусаліме вы будзеце суцешаныя».
14 І ўбачыце, і будзе радавацца сэрца вашае, і косткі вашыя расквітнеюць, як мурог, і рука ГОСПАДА выявіцца слугам Ягоным, а гнеў Ягоны — ворагам Ягоным.
15 Бо вось ГОСПАД прыйдзе ў агні, і калясьніца Ягоная — быццам віхура, каб выліць жар гневу Свайго і пагрозы Свае як полымя агню.
16 Бо агнём і мячом Сваім ГОСПАД будзе судзіць усякае цела, і шмат будзе пабітых ГОСПАДАМ.
17 А тыя, якія асьвячаюць сябе і ачышчаюць у гаях, [ідучы] адзін за адным у сярэдзіну [іх], і ядуць мяса сьвіньні, і брыдоту, і мышэй, яны разам будуць зьнішчаны, кажа ГОСПАД.
18 Я [ведаю] ўчынкі іхнія і думкі іхнія, і прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць яны, і ўбачаць славу Маю.
19 І Я пастаўлю ім знак, і пашлю выратаваных спаміж іх да народаў, у Таршыш, Пул, Люд, Мэшэх, Кешэт, Туваль і Яван, на астравы далёкія, якія ня чулі весткі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй. І яны абвесьцяць славу Маю паміж народамі.
20 І яны прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў як дар для ГОСПАДА на конях і на вазах, на насілах, і на мулах, і на вярблюдах на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа ГОСПАД, як сыны Ізраіля прыносяць дар у чыстых пасудзінах у Дом ГОСПАДА.
21 І Я таксама вазьму з іх сьвятароў і лявітаў, кажа ГОСПАД.
22 Бо як новае неба і новая зямля, якія Я раблю, будуць стаяць перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД, так будзе стаяць насеньне вашае і імя вашае.
23 І станецца, што з маладзіка ў маладзік, з суботы ў суботу будзе прыходзіць кожнае цела, каб пакланіцца перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД.
24 І яны выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія адступіліся ад Мяне, бо чарвяк іхні не памрэ, і агонь іхні ня згасьне; і будуць яны брыдотай для ўсякага цела.
АДКРЫЦЬЦЁ 20 : 13
13 І аддало мора мёртвых, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі мёртвых, што ў іх; і быў суджаны кожны паводле справаў сваіх.
ПСАЛЬМЫ 90 : 12
12 Лічыць дні нашыя навучы Ты нас, каб прыдбаць нам мудрае сэрца.
ДЗЕІ 2 : 29
29 Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.
Leave a Reply