язычнікаў

Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае язычнікаў

ДРУГАЗАКОНЬНЕ 18 : 9 – 12
9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, не вучыся рабіць брыдоты народаў гэтых.
10 Няхай ня знойдзецца ў цябе той, хто сына свайго або дачку праводзіць праз агонь, ці глядзіць на аблокі, ці займаецца варажбой ці чараваньнем,
11 ці займаецца заклёнамі, пытаецца ў духаў [памёршых] або выклікае памёршых.
12 Бо агідны для ГОСПАДА кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх ГОСПАД ад аблічча твайго.

ЛЯВІТ 26 : 1 – 46
1 Не рабіце сабе ідалаў і выяваў, і не стаўляйце слупоў, і каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш.
2 Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!
3 Калі будзеце хадзіць паводле пастановаў Маіх, і захоў­ваць прыказаньні Мае, і спаўняць іх,
4 Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы палявыя дадуць плады свае.
5 І малацьба [хлеба] працягне­ц­ца да збору вінаграду, а зьбі­раньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і будзеце жыць у бясьпецы на зямлі сваёй.
6 І Я дам мір у зямлі вашай, і будзеце вы спаць, і ня бу­дзе каму вас палохаць. І Я прыбя­ру дзікіх зьвяроў з зямлі, і меч ня будзе праходзіць па зямлі вашай.
7 Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць перад абліччам вашым ад мяча.
8 Пяцёх з вас прагоняць сотню, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя перад абліччам вашым ад мяча.
9 І Я прыхілюся да вас, і дам вам плоднасьць, і вы памножыцеся; і Я заключу запавет Мой з вамі.
10 І вы будзеце есьці [збожжа] з леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя [зборы], павыкідаеце [старыя].
11 І Я пастаўлю Сялібу Маю сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.
12 Я буду хадзіць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце народам Маім.
13 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў ярмо вашае, каб хадзілі вы з узьнятымі галовамі.
14 А калі вы ня будзеце слу­хаць Мяне і ня будзеце выконваць усе гэтыя прыказаньні,
15 калі пагардзіце пастанова­мі Маімі, і ня будзеце зважаць на прысуды Мае, і ня будзеце вы­конваць усіх прыказаньняў Маіх, і будзеце парушаць запавет Мой,
16 тады Я гэтак зраблю вам, і наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, якія спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Дарэмна будзеце сеяць насеньне вашае, бо зьядуць яго ворагі вашыя.
17 І Я зьвярну аблічча Маё супраць вас, і будзеце вы падаць перад абліччам ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, якія вас ненавідзяць, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня бу­дзе гнацца за вамі.
18 А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў,
19 і зьнішчу пыхлівасьць сілы вашай, і зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю — як медзь.
20 Дарэмна будзе марнавацца праца вашая, і зямля вашая ня будзе даваць ураджаю свайго, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў сваіх.
21 Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.
22 Я напушчу на вас зьвяроў палявых, якія пазбавяць вас [дзяцей] і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць вас; і пустымі стануцца шляхі вашыя.
23 Калі і далей ня будзеце навучаныя Мною і будзеце працівіцца Мне,
24 Я таксама пайду супраць вас, і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.
25 Я навяду на вас меч, мсьці­ўцу за парушэньне запавету. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце выдадзеныя ў рукі ворагаў.
26 Калі Я зьнішчу вашую падпору хлебную, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці, і не насыціцеся!
27 А калі тады ня будзеце слухаць Мяне і будзеце працівіцца Мне,
28 Я выступлю супраць вас з гвалтоўнай ярасьцю; і Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,
29 і вы будзеце есьці целы сыноў вашых і дачок вашых.
30 і Я зруйную ўзгоркі ва­шыя, і паб’ю слупы вашыя, і кі­ну трупы вашыя на ідалаў ва­шых, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.
31 Гарады вашыя зраблю руінамі, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыйму больш паху ахвяраў вашых.
32 І Я спустошу зямлю гэтую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, якія заселяць яе.
33 А вас Я расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пусткаю, а гарады вашыя будуць руінамі.
34 Тады зямля будзе адзначаць суботы свае ўсе дні спусташэньня свайго, а вы [бу­дзеце] ў зямлі ворагаў вашых. Тады зямля будзе адпачываць і сьвяткаваць суботы свае.
35 Усе дні спусташэньня свайго будзе яна адпачываць, бо не адпачывала ў гады суботнія, калі вы ў ёй жылі.
36 А для тых, хто з вас застанецца, Я спашлю страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў іхніх. Будзе палохаць іх шум лістка, што ляціць, і будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, і будуць падаць.
37 І будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня зможаце вы ўстаяць перад абліччам ворагаў вашых.
38 І вы загінеце паміж народамі, і праглыне вас зямля ворагаў вашых!
39 А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у беззаконьнях сваіх у землях ворагаў сваіх, і за беззаконьні бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.
40 І прызнаюць яны беззаконьні свае і беззаконьні бацькоў сваіх, здраду, якой здрадзілі Мне і працівіліся Мне.
41 Таму Я выйшаў супраць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх, каб упакорылася неабразанае сэрца іхняе, і каб яны панесьлі кару за беззаконьні свае.
42 І Я ўзгадаю запавет Мой з Якубам, і запавет Мой з Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам. І Я ўзгадаю зямлю гэтую.
43 Зямля гэтая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць суботы свае праз тое, што будзе спустошана за правіны іх, а яны будуць несьці кару за беззаконьні свае, бо адкінулі прысуды Мае і брыдзілася душа іхняя пастановамі Маімі.
44 Але і тады, калі яны бу­дуць у зямлі ворагаў іхніх, Я не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць і зламаць запавет Мой з імі, бо Я — ГОСПАД, Бог іхні.
45 І Я прыгадаю ім запавет Мой з продкамі іхнімі, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай на вачах народаў, каб быць іх Богам. Я — ГОСПАД!»
46 Гэта пастановы, прысуды і законы, якія даў ГОСПАД на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраіля у рукі Майсея.

ДЗЕІ 8 : 9 – 13
9 А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.
10 І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».
11 Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.
12 А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.
13 Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.

ВЫХАД 20 : 1 – 26
1 I прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:
2 «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
3 Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
4 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока, і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
5 Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і аж да чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,
6 і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
7 Ня будзеш ужываць імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае для марноты.
8 Памятай дзень супачынку, каб сьвяціць яго.
9 Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
10 а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць ніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служка твая, і жывёла твая, і прыхадзень твой, які ў брамах тваіх,
11 бо за шэсьць дзён зрабіў ГОСПАД неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і спыніўся ў дзень сёмы. Дзеля гэтага дабраславіў ГОСПАД дзень супачынку і асьвяціў яго.
12 Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
13 Ня будзеш забіваць [як забойца].
14 Ня будзеш чужаложыць.
15 Ня будзеш красьці.
16 Ня будзеш сьведчыць супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
17 Ня будзеш жадаць дому бліжняга твайго; ня будзеш жадаць жонкі бліжняга твайго, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!»
18 I ўвесь народ глядзеў на грымоты і бліскавіцы, і гук трубы, і гару, якая дымілася; і, глядзеў народ, і хістаўся, і стаяў здалёк.
19 I сказалі яны Майсею: «Ты прамаўляй да нас, і мы будзем слухаць; але няхай не прамаўляе да нас Бог, каб нам не памерці».
20 I сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, бо дзеля таго, каб выпрабаваць вас, прыйшоў Бог, і каб праз гэта страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі».
21 I стаяў народ здалёк, а Майсей наблізіўся да імглы, туды, дзе Бог.
22 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэтак скажаш сынам Ізраіля: “Вы бачылі, што Я з неба прамаўляў да вас.
23 Не рабіце побач са Мною багоў срэбных, і багоў залатых не рабіце сабе.
24 Ахвярнік з зямлі зрабі для Мяне, і ахвяруй на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, і авечак тваіх, і валоў тваіх. На кожнае месца, дзе Я ўзгадаю імя Маё, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
25 А калі ахвярнік з камянёў зробіш для Мяне, не будуй яго з чэсаных [камянёў], бо калі апрацуеш яго мячом сваім, апаганіш яго.
26 I ня будзеш узыходзіць па прыступках да ахвярніка Майго, каб не была адкрытая пры ім голасьць твая”.

2 ВАЛАДАРОЎ 23 : 7
7 І разваліў ён дамы распусьнікаў, якія былі пры Доме ГОСПАДА, дзе жанчыны ткалі адзеньне для Астарты.

ПРЫПОВЕСЬЦІ 25 : 26
26 Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам.

ЭЗЭКІЭЛЬ 13 : 18
18 І скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора тым, якія шыюць стужкі на ўсе локці рук сваіх і робяць хусткі ўсякага кшталту на галовы, каб лавіць душы. Вы ловіце душы народу Майго, а душы свае [хочаце] захаваць пры жыцьці?

ЛЯВІТ 18 : 19 – 23
19 Не набліжайся да жанчыны ў час месячніцы, каб адкрыць голасьць яе.
20 Не ўваходзь да жонкі бліжняга твайго, выліваючы насеньне; праз гэта [станешся] ты нячысты.
21 Не аддавай дзіцяці твайго, каб прывесьці да Малоха, і ня будзеш паганіць імя Бога твайго. Я — ГОСПАД.
22 Не ляжы з мужчынам так, як ляжаць з жанчынаю. Гэта агіда.
23 Не лажыся ні з якою жывёлаю, бо праз гэта [станешся] нячысты. І жанчына ня стане перад жывёлаю, каб злучыцца з ёю, бо гэта вычварэньне.

1 КАРЫНЬЦЯНАЎ 6 : 9 – 11
9 Або вы ня ведаеце, што няправедныя Валадарства Божага ня возьмуць у спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані збачэнцы, ані мужаложнікі,
10 ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані лаяльнікі, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Валадарства Божага.
11 І гэткімі былі некаторыя, але вы абмытыя, але вы асьвячоныя, але вы апраўданыя ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і ў Духу Бога нашага.

Comments

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *