Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае чырвоны месяц
АДКРЫЦЬЦЁ 6 : 12 – 14
12 І ўбачыў я, калі Ён адчыніў шостую пячатку, і вось, стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як мех валасяны, і месяц стаўся, як кроў,
13 і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як дрэва фігавае, устрасанае вялікім ветрам, скідае недасьпелыя фігі свае,
14 і неба зьнікла, як скручваецца кніга, і кожная гара і востраў былі зрушаны з месцаў сваіх.
ДЗЕІ 2 : 20
20 Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны.
ЁЭЛЬ 2 : 31
31 Сонца пераменіцца ў цемру, а месяц — у кроў, перад тым, калі прыйдзе дзень ГОСПАДА, вялікі і страшны.
АДКРЫЦЬЦЁ 7 : 1 – 17
1 І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ані на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
2 І ўбачыў я іншага анёла, які ўзыходзіў ад усходу сонца, які меў пячатку Бога Жывога. І закрычаў ён вялікім голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена чыніць шкоду зямлі і мору, кажучы:
3 «Не чыніце шкоды ані зямлі, ані мору, ані дрэвам, пакуль не паставім пячаткі на слугаў Бога нашага на ілбах іхніх».
4 І пачуў я лічбу папячатаных — сто сорак чатыры тысячы папячатаных з усякага калена сыноў Ізраіля.
5 З калена Юды — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Рубэна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Гада — дванаццаць тысячаў папячатаных;
6 з калена Асэра — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Нэфталі — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Манасы — дванаццаць тысячаў папячатаных;
7 з калена Сымона — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Левія — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Ісахара — дванаццаць тысячаў папячатаных;
8 з калена Завулёна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Язэпа — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Бэн’яміна — дванаццаць тясячаў папячатаных.
9 Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, з усякага народу, і калена, і племені, і мовы стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іхніх,
10 і ўсклікаюць яны вялікім голасам, кажучы: «Збаўленьне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці!»
11 І ўсе анёлы стаялі вакол пасаду, і старостаў, і чатырох жывёлаў, і ўпалі яны перад пасадам на абліччы свае, і пакланіліся Богу,
12 кажучы: «Амэн! Дабраслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і пашана, і моц, і магутнасьць Богу нашаму на вякі вякоў! Амэн!»
13 І адказаў адзін са старостаў, кажучы да мяне: «Гэтыя, апранутыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі?»
14 І я сказаў яму: «Пане, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія прыйшлі з вялікага прыгнёту. І яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці.
15 Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў бажніцы Ягонай; і Той, Які сядзіць на пасадзе, паселіцца ў іх,
16 і ня будуць яны хацець есьці, і ня будуць смагнуць, і ня будзе пячы іх сонца і аніякая сьпёка,
17 бо Ягня, Які пасярод пасаду, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх да жывых крыніцаў водаў, і абатрэ Бог усякую сьлязіну з вачэй іхніх».
АДКРЫЦЬЦЁ 1 : 1 – 20
1 Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. І Ён даў знак, паслаўшы [яго] праз анёла Свайго слузе Свайму Яну,
2 які засьведчыў слова Божае, і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і ўсё, што бачыў.
3 Шчасьлівы той, які чытае, і тыя, якія слухаюць словы прароцтва і захоўваюць тое, што напісана ў ім, бо час блізкі.
4 Ян — да сямі цэркваў, што ў Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад пасадам Ягоным,
5 і ад Ісуса Хрыста, сьведкі вернага, Першароднага з мёртвых і Начальніка валадароў зямных. Яму, Які палюбіў нас і ў крыві Сваёй абмыў нас ад грахоў нашых,
6 і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
7 Вось, Ён прыходзіць з аблокамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, якія прабілі Яго, і заплачуць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.
8 «Я ёсьць Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, — Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, Усеўладны».
9 Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, і ў Валадарстве, і ў цярплівасьці Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмас, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
10 Я быў у духу ў дзень Госпада і пачуў за сабою вялікі голас, як трубы,
11 які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, Першы і Апошні; і што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляадыкею».
12 І я павярнуўся, каб пабачыць той голас, што гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,
13 і сярод сямі сьвечнікаў — Падобнага да Сына Чалавечага, Які апрануты ў доўгую шату і падперазаны праз грудзі залатым паясом.
14 А галава Ягоная і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы Ягоныя — як полымя агню,
15 і ногі Ягоныя падобныя да халкалібану, як у печы распаленыя; і голас Ягоны — як гук водаў многіх.
16 І меў Ён у правай руцэ Сваёй сем зорак, і з вуснаў Ягоных выходзіў меч двусечны востры; і твар Ягоны — як сонца, якое сьвеціць у сіле сваёй.
17 І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў ля ног Ягоных як мёртвы, і Ён паклаў на мяне правую руку Сваю, кажучы мне: «Ня бойся. Я ёсьць Першы і Апошні,
18 і Жывы, і Я быў мёртвы, і вось, жыву на вякі вякоў, амэн. І Я маю ключы пекла і сьмерці.
19 Напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага.
20 Тайна сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі сьвечнікаў залатых: сем зорак — гэта анёлы сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў, якія ты бачыў, — гэта сем цэркваў.
МАЦЬВЕЯ 24 : 29
29 А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца.
АДКРЫЦЬЦЁ 12 : 1 – 17
1 І знак вялікі зьявіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.
2 І, маючы ва ўлоньні, яна крычала ад болю і мукаў радзінаў.
3 І зьявіўся другі знак у небе: і вось, цмок вялікі, чырвоны, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных — сем дыядэмаў,
4 і хвост ягоны сьцягнуў трэцюю частку зорак нябесных і кінуў іх на зямлю. І цмок стаў перад жанчынай, якая мелася нарадзіць, каб, калі народзіць, зжэрці дзіця яе.
5 І нарадзіла сына, хлопчыка, які мае пасьвіць усе народы кіем жалезным; і было ўзятае дзіцятка яе да Бога і пасаду Ягонага,
6 і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мае месца, падрыхтаванае ад Бога, каб там жывілі яе тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён.
7 І сталася вайна ў небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі супраць цмока, і цмок ваяваў, і анёлы ягоныя,
8 і не адолелі, і не знайшлося ўжо месца для іх у небе.
9 І быў скінуты цмок вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шатанам, які падманвае ўвесь сусьвет, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя былі скінутыя з ім разам.
10 І пачуў я голас вялікі, які казаў у небе: «Цяпер сталася збаўленьне, і моц, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінавальнік братоў нашых, які дзень і ноч вінаваціў іх перад Богам нашым.
11 І яны перамаглі яго праз кроў Ягняці і праз слова сьведчаньня свайго і не любілі душы сваёй аж да сьмерці.
12 Дзеля гэтага весяліцеся, нябёсы і тыя, якія жывуць у іх! Гора жыхарам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас д’ябал, маючы ярасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу».
13 І калі ўбачыў цмок, што ён скінуты на зямлю, пачаў ён перасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка.
14 І дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на месца сваё ад аблічча зьмея, дзе будуць жывіць яе пару, поры і паўпары.
15 І пусьціў зьмей за жанчынай з пашчы сваёй ваду, як раку, каб рака панесла яе.
16 І дапамагла зямля жанчыне, і расчыніла зямля вусны свае, і праглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй.
17 І разьюшыўся цмок на жанчыну, і пайшоў ваяваць з рэштай насеньня яе, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.
РЫМЛЯНАЎ 10 : 9
9 Бо калі ты вуснамі тваімі вызнаеш Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім будзеш верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены,
МАЦЬВЕЯ 24 : 14
14 І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец.
МАЦЬВЕЯ 7 : 15
15 Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.
АДКРЫЦЬЦЁ 3 : 10
10 А што ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, і Я захаваю цябе ад гадзіны спакусы, якая мае прыйсьці на ўвесь сусьвет, каб спакусіць жыхароў зямлі.
ЯНА 14 : 1 – 31
1 Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і верце ў Мяне.
2 У доме Айца Майго жытла шмат, бо калі б гэтак не было, Я сказаў бы вам, бо іду падрыхтаваць вам месца.
3 І, калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду ізноў, і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.
4 І куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце».
5 Кажа Яму Тамаш: «Госпадзе! Ня ведаем, куды ідзеш, дык як можам ведаць шлях?»
6 Кажа яму Ісус: «Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне.
7 Калі б вы пазналі Мяне, пазналі б і Айца Майго. І ад цяпер пазналі Яго і бачылі Яго».
8 Кажа яму Філіп: «Госпадзе! Пакажы нам Айца, і хопіць з нас».
9 Кажа яму Ісус: «Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Філіп? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; дык як ты кажаш: “Пакажы нам Айца”?
10 Ці ж ты ня верыш, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне? Словы, якія Я гавару вам, не гавару ад Сябе. Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць гэтыя справы.
11 Верце Мне, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне; калі ж не, дзеля самых гэтых справаў верце Мне.
12 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць тыя справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я да Айца Майго іду.
13 І што папросіце ў імя Маё, тое зраблю, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне.
14 Калі што папросіце ў імя Маё, Я зраблю.
15 Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае.
16 І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Абаронцу, каб заставаўся з вамі на вякі,
17 Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і не пазнаў Яго, а вы пазналі Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе.
18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
19 Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
20 У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас.
21 Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто любіць Мяне, будзе любіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і зьяўлю яму Сябе».
22 Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе! Што сталася, што Ты маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?»
23 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго.
24 Хто ня любіць Мяне, не захоўвае словаў Маіх, а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне.
25 Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі.
26 Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам.
27 Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не палохаецца.
28 Вы чулі, што Я сказаў вам: “Зыходжу і прыйду да вас”. Калі б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне.
29 І цяпер Я сказаў вам, перш, чым сталася, каб, калі станецца, вы паверылі.
30 Ужо няшмат буду гаварыць з вамі, бо прыходзіць князь гэтага сьвету, і ў-ва Мне ня мае нічога,
31 але, каб сьвет даведаўся, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне Айцец, так і раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
МАЦЬВЕЯ 24 : 30
30 І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
РЫМЛЯНАЎ 6 : 23
23 Бо плата за грэх — сьмерць, а дар [ласкі] Божай — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
РЫМЛЯНАЎ 11 : 29
29 Бо нязьменныя дары і пакліканьне Божае.
ІСАЯ 26 : 18 – 20
18 Мы былі цяжарнымі і качаліся ад болю, але нарадзілі вецер, [нічога] не зрабілі для збаўленьня зямлі, і жыхары сусьвету не адрадзіліся.
19 Ажывуць памёршыя Твае, і пазабіваныя ўваскрэснуць. Абудзіцеся і сьпявайце, вы, што ляжыце ў парахне, бо раса Твая — раса сьвятла, і зямля аддасьць памёршых сваіх.
20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі свае, зачыні дзьверы свае за сабою! Схавайся на малую хвілінку, пакуль праміне гнеў Ягоны.
ДАНІІЛ 12 : 1
1 І ў той час паўстане Міхаэль, князь вялікі, які стаіць пры сынах народу твайго; і будзе час нядолі, якога не было ад таго [часу], як існуе народ, аж да гэтага часу; і ў гэты час уцячэ [ад загубы] народ твой, кожны, хто будзе знойдзены запісаным у кнізе.
ЯНА 10 : 30
30 Я і Айцец — адно».
ЯНА 3 : 16
16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
Leave a Reply