Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае самакантроль
ЦІТА 1 : 8
8 але гасьцінны, дабралюбны, цьвярозы, праведны, багабойны, паўстрымлівы,
ПРЫПОВЕСЬЦІ 25 : 28
28 Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.
1 ПЯТРА 4 : 7
7 А канец усяму набліжаецца. Дык будзьце пры розуме і цьвярозымі ў малітвах.
2 ПЯТРА 1 : 5 – 6
5 дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявіце ў веры вашай цноту, а ў цноце — разуменьне,
6 а ў разуменьні — стрыманасьць, а ў стрыманасьці — цярплівасьць, а ў цярплівасьці —пабожнасьць,
ДРУГАЗАКОНЬНЕ 28 : 1 – 68
1 І станецца, калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, ГОСПАД, Бог твой, узвысіць цябе па-над усе народы зямлі,
2 і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго.
3 Дабраслаўлёны ты ў горадзе і дабраслаўлёны ў полі.
4 Дабраслаўлёны плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і нараджэньне валоў тваіх, і прыплод авечак тваіх.
5 Дабраслаўлёны кош твой і дзяжа твая.
6 Дабраслаўлёны ты пры ўваходзе тваім і дабраслаўлёны пры выхадзе тваім.
7 Дасьць табе ГОСПАД, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адным шляхам яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўцякуць ад цябе.
8 Загадае ГОСПАД, каб [было] дабраславенства на сьвірнах тваіх і на ўсякай працы рук тваіх; і будзе Ён дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.
9 Паставіць цябе ГОСПАД як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіць шляхамі Ягонымі.
10 І ўбачаць усе народы зямлі, што імя ГОСПАДА заклікаюць над табою, і будуць баяцца цябе.
11 І дасьць табе ГОСПАД па-над меру даброцьцяў; у плодзе улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй, у зямлі, якую запрысяг ГОСПАД даць табе.
12 Адкрые табе ГОСПАД шчодрыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславіць ўсе працы рук тваіх. І ты будзеш пазычаць шматлікім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі.
13 І зробіць цябе ГОСПАД галавою, а не хвастом, і будзеш ты толькі на версе, і ня будзеш у нізе, калі будзеш слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, якія сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і выконваў іх.
14 І не адступай ад кожнага слова, якія я загадваю табе сёньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не служы ім.
15 І станецца, калі ня будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, тады прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.
16 Пракляты ты ў горадзе і пракляты ў полі.
17 Пракляты кош твой і дзяжа твая.
18 Пракляты плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, нараджэньне валоў тваіх і прыплод авечак тваіх.
19 Пракляты ты пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.
20 Спашле на цябе ГОСПАД праклён, і трывогу, і няшчасьце ў-ва ўсіх працах рук тваіх, якія будзеш рабіць, пакуль Ён ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка з прычыны ліхіх учынкаў тваіх, праз якія ты пакінуў Мяне.
21 І спашле на цябе ГОСПАД пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.
22 Дакранецца цябе ГОСПАД сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпякотаю, мячом, сушаю і іржою. Яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль ты ня будзеш зьнішчаны.
23 І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам.
24 Пераменіць ГОСПАД дождж на зямлі тваёй у парахно і пыл, з неба будуць падаць яны на цябе, пакуль ня зьнішчаць цябе.
25 І зробіць табе ГОСПАД, што ты будзеш пабіты перад абліччам ворагаў тваіх; адным шляхам будзеш ісьці на іх, а сямёма шляхамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх валадарстваў зямлі.
26 Парэшткі твае будуць пажываю ўсім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і [ніхто] ня будзе адганяць [іх].
27 Дакранецца цябе ГОСПАД скуламі Эгіпецкімі і балячкамі, каростаю і паршывасьцю, якіх ня зможаш вылечыць.
28 Дакранецца цябе ГОСПАД вар’яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.
29 Апоўдні будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і на ўсіх шляхах тваіх ня будзеш мець посьпеху. І будзеш ты крыўджаны і рабаваны ўсе дні, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.
30 Заручышся з жонкай, а іншы мужчына будзе спаць з ёй. Пабудуеш дом, але ня будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў ягоных.
31 Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і ня будзеш есьці яго. Асёл твой будзе забраны спрад аблічча твайго і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.
32 Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу, і вочы твае будуць выглядаць іх сумаваць дзеля іх усе дні, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
33 Плады зямлі тваёй і ўвесь набытак твой зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты толькі крыўджаны і прыгнятаны ўсе дні.
34 І ты звар’яцееш, бачачы тое, што ўбачаць вочы твае.
35 Дакранецца цябе ГОСПАД балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і [пакрыюць] яны цябе ад стопаў аж да чубу галавы.
36 Цябе і валадара твайго, якога ты паставіш над сабою, завядзе ГОСПАД да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і камяню,
37 і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе ГОСПАД.
38 Насеньня шмат кінеш у поле, а зьбярэш мала, бо саранча паесьць яго.
39 Вінаграднікі пасадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, і нічога з іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.
40 Аліўкі будзеш мець у-ва ўсіх межах тваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць аліўкі твае.
41 Народзіш сыноў і дачок, але ня будуць з табою, бо павядуць іх у няволю.
42 Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.
43 Прыхадзень, які [жыве] з табою, будзе падымацца па-над цябе вышэй і вышэй, а ты будзеш зыйходзіць ніжэй і ніжэй.
44 Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.
45 І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і дагоняць цябе, пакуль не загінеш, бо ты ня слухаў ГОСПАДА, Бога твайго, і не захоўваў прыказаньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён загадаў табе.
46 І будзе [гэта] знакам і цудоўным [дзеяньнем] табе і насеньню твайму на вякі.
47 За тое, што ты не служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, з радасьцю і добрасьцю сэрца твайго, [маючы] мноства ўсяго,
48 будзеш служыць ворагам тваім, якіх ГОСПАД спашле на цябе, у голадзе і смазе, у голасьці і нястачы ўсяго, і яны павесяць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль ня вынішчаць цябе.
49 Прывядзе на цябе ГОСПАД народ далёкі; з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы якога ты ня чуў,
50 народ з жудасным абліччам, які не ўшануе аблічча старога і не пашкадуе юнака.
51 І ён зжарэ плод жывёлы тваёй і плод зямлі тваёй, аж пакуль ня вынішчыць цябе. І ён не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду валоў тваіх і прыплоду авечак тваіх, аж пакуль ня вынішчыць цябе.
52 І возьме ён у аблогу цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты меў надзею, у-ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ў-ва ўсіх брамах тваіх у-ва ўсёй зямлі, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.
53 І будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе ГОСПАД, Бог твой, у аблозе і ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.
54 У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе глядзець ліхім вокам на брата свайго і на жонку ўлоньня свайго, і на рэшту сыноў сваіх, якія засталіся [ў яго].
55 Ня дасьць [нікому] ён целы сыноў сваіх, якія будзе есьці, бо нічога больш не застанецца ў яго ў аблозе і ў бядзе, якімі вораг твой прыцісьне цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх.
56 Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, будзе глядзець ліхім вокам на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і на дачку сваю
57 і ня дасьць ім пасьледу свайго, які выйшаў спаміж ног ейных, і сыноў сваіх, якіх нарадзіла, бо будзе есьці іх таемна дзеля нястачы ўсяго ў аблозе і бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой у-ва ўсіх брамах тваіх.
58 Калі ня будзеш захоўваць і выконваць усіх словаў Закону гэтага, якія напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя ГОСПАДА, Бога твайго,
59 шмат больш павялічыць ГОСПАД плягі на цябе і плягі на насеньне тваё, і плягі вялікія і доўгатрывалыя, і хваробы ліхія і доўгатрывалыя,
60 і навядзе на цябе ўсе хваробы Эгіпецкія, якіх ты баяўся, і прылепяцца яны да цябе.
61 І ўсе хваробы і ўсе плягі, якія не запісаныя ў кнізе Закону гэтага, спашле ГОСПАД на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны.
62 І застанецёся вы ў малой лічбе, хоць раней вы былі, як зоркі ў небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас ГОСПАДА, Бога твайго.
63 Як перад гэтым цешыўся ГОСПАД з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца ГОСПАД з вас, нішчачы вас і сьціраючы з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.
64 І ГОСПАД расьцярушыць вас сярод усіх народаў, ад канца зямлі да канца зямлі, і там будзеш ты служыць багам чужым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае, дрэву і камяням.
65 І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, і ня будзе мець супачынку стапа нагі тваёй. І дасьць там табе ГОСПАД сэрца дрыготкае, вочы заплаканыя і душу збалелую.
66 І будзе жыцьцё тваё вісець перад табою; будзеш баяцца ўначы і ўдзень, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.
67 Раніцаю ты скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] вечара?”, а ўвечары скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] раніцы?”, дзеля страху сэрца твайго, якое будзе баяцца ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.
68 І верне цябе ГОСПАД у Эгіпет на караблях шляхам, пра які Ён казаў табе, што ты яго больш ня ўбачыш. Там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, і [ніхто] ня будзе купляць»
РЫМЛЯНАЎ 12 : 19
19 Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу [Божаму], бо напісана: «“Мне [належыць] помста, Я аддам”, — кажа Госпад».
ПРЫПОВЕСЬЦІ 25 : 26
26 Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам.
МАЦЬВЕЯ 26 : 52 – 54
52 Тады кажа яму Ісус: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць.
53 Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
54 Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?»
РЫМЛЯНАЎ 12 : 1 – 2
1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае,
2 і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае [Богу], і дасканалае.
ЦІТА 2 : 6
6 Маладых людзей таксама ўпрошвай думаць цьвяроза,
1 ПЯТРА 5 : 8
8 Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
ГАЛЯТАЎ 5 : 23
23 ціхасьць, стрыманасьць. Супраць гэтакіх няма Закону.
ЦІТА 3 : 2
2 на нікога ня блюзьнілі, не былі ваяўнічымі, былі спагаднымі і зьяўлялі ўсякую ціхасьць адносна ўсіх людзей.
МАЦЬВЕЯ 5 : 38 – 39
38 Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.
39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую,
ЯКУБА 1 : 20
20 бо гнеў чалавека ня чыніць праведнасьці Божае.
ЯНА 14 : 15
15 Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае.
ПРЫПОВЕСЬЦІ 16 : 32
32 Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.
ЦІТА 2 : 11 – 14
11 Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей,
12 якая навучае нас, каб, адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку,
13 чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14 Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы.
ЛЯВІТ 26 : 1 – 46
1 Не рабіце сабе ідалаў і выяваў, і не стаўляйце слупоў, і каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш.
2 Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!
3 Калі будзеце хадзіць паводле пастановаў Маіх, і захоўваць прыказаньні Мае, і спаўняць іх,
4 Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы палявыя дадуць плады свае.
5 І малацьба [хлеба] працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і будзеце жыць у бясьпецы на зямлі сваёй.
6 І Я дам мір у зямлі вашай, і будзеце вы спаць, і ня будзе каму вас палохаць. І Я прыбяру дзікіх зьвяроў з зямлі, і меч ня будзе праходзіць па зямлі вашай.
7 Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць перад абліччам вашым ад мяча.
8 Пяцёх з вас прагоняць сотню, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя перад абліччам вашым ад мяча.
9 І Я прыхілюся да вас, і дам вам плоднасьць, і вы памножыцеся; і Я заключу запавет Мой з вамі.
10 І вы будзеце есьці [збожжа] з леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя [зборы], павыкідаеце [старыя].
11 І Я пастаўлю Сялібу Маю сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.
12 Я буду хадзіць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце народам Маім.
13 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў ярмо вашае, каб хадзілі вы з узьнятымі галовамі.
14 А калі вы ня будзеце слухаць Мяне і ня будзеце выконваць усе гэтыя прыказаньні,
15 калі пагардзіце пастановамі Маімі, і ня будзеце зважаць на прысуды Мае, і ня будзеце выконваць усіх прыказаньняў Маіх, і будзеце парушаць запавет Мой,
16 тады Я гэтак зраблю вам, і наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, якія спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Дарэмна будзеце сеяць насеньне вашае, бо зьядуць яго ворагі вашыя.
17 І Я зьвярну аблічча Маё супраць вас, і будзеце вы падаць перад абліччам ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, якія вас ненавідзяць, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня будзе гнацца за вамі.
18 А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў,
19 і зьнішчу пыхлівасьць сілы вашай, і зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю — як медзь.
20 Дарэмна будзе марнавацца праца вашая, і зямля вашая ня будзе даваць ураджаю свайго, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў сваіх.
21 Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.
22 Я напушчу на вас зьвяроў палявых, якія пазбавяць вас [дзяцей] і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць вас; і пустымі стануцца шляхі вашыя.
23 Калі і далей ня будзеце навучаныя Мною і будзеце працівіцца Мне,
24 Я таксама пайду супраць вас, і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.
25 Я навяду на вас меч, мсьціўцу за парушэньне запавету. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце выдадзеныя ў рукі ворагаў.
26 Калі Я зьнішчу вашую падпору хлебную, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці, і не насыціцеся!
27 А калі тады ня будзеце слухаць Мяне і будзеце працівіцца Мне,
28 Я выступлю супраць вас з гвалтоўнай ярасьцю; і Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,
29 і вы будзеце есьці целы сыноў вашых і дачок вашых.
30 і Я зруйную ўзгоркі вашыя, і паб’ю слупы вашыя, і кіну трупы вашыя на ідалаў вашых, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.
31 Гарады вашыя зраблю руінамі, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыйму больш паху ахвяраў вашых.
32 І Я спустошу зямлю гэтую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, якія заселяць яе.
33 А вас Я расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пусткаю, а гарады вашыя будуць руінамі.
34 Тады зямля будзе адзначаць суботы свае ўсе дні спусташэньня свайго, а вы [будзеце] ў зямлі ворагаў вашых. Тады зямля будзе адпачываць і сьвяткаваць суботы свае.
35 Усе дні спусташэньня свайго будзе яна адпачываць, бо не адпачывала ў гады суботнія, калі вы ў ёй жылі.
36 А для тых, хто з вас застанецца, Я спашлю страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў іхніх. Будзе палохаць іх шум лістка, што ляціць, і будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, і будуць падаць.
37 І будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня зможаце вы ўстаяць перад абліччам ворагаў вашых.
38 І вы загінеце паміж народамі, і праглыне вас зямля ворагаў вашых!
39 А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у беззаконьнях сваіх у землях ворагаў сваіх, і за беззаконьні бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.
40 І прызнаюць яны беззаконьні свае і беззаконьні бацькоў сваіх, здраду, якой здрадзілі Мне і працівіліся Мне.
41 Таму Я выйшаў супраць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх, каб упакорылася неабразанае сэрца іхняе, і каб яны панесьлі кару за беззаконьні свае.
42 І Я ўзгадаю запавет Мой з Якубам, і запавет Мой з Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам. І Я ўзгадаю зямлю гэтую.
43 Зямля гэтая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць суботы свае праз тое, што будзе спустошана за правіны іх, а яны будуць несьці кару за беззаконьні свае, бо адкінулі прысуды Мае і брыдзілася душа іхняя пастановамі Маімі.
44 Але і тады, калі яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, Я не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць і зламаць запавет Мой з імі, бо Я — ГОСПАД, Бог іхні.
45 І Я прыгадаю ім запавет Мой з продкамі іхнімі, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай на вачах народаў, каб быць іх Богам. Я — ГОСПАД!»
46 Гэта пастановы, прысуды і законы, якія даў ГОСПАД на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраіля у рукі Майсея.
Leave a Reply