Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае псалмы
ІСАЯ 40 : 8
8 Высыхае трава, вяне кветка, але слова Бога нашага трывае на вякі.
КАЛАСЯНАЎ 3 : 16
16 Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых.
ПСАЛЬМЫ 91 : 1 – 16
1 Той, які жыве пад заслонай Найвышэйшага і пад ценем Усемагутнага,
2 кажа да ГОСПАДА: «Ты — прыстанішча маё і цьвярдыня мая, Бог мой, на Якога я спадзяюся».
3 Бо Ён выратуе цябе ад пасткі птушкалова, ад пошасьці сьмяротнай.
4 Пер’ем Сваім закрые цябе, і пад крыламі Ягонымі будзеш мець надзею; праўда Ягоная — шчыт і заслона.
5 Не спалохаешся страху ўначы, ані стралы, якая ўдзень ляціць,
6 ані пошасьці, якая ў цемры прыходзіць, ані заразы, якая сярод белага дня пустошыць.
7 Тысяча побач з табой упадзе і дзесяць тысячаў праваруч ад цябе, а да цябе яна не падыйдзе.
8 Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш з бязбожнымі расплату.
9 За тое, што ты ГОСПАДА, прыбежышча сваё, і Найвышэйшага выбраў за сялібу сабе,
10 не спаткае цябе злое, і пакараньне не наблізіцца да намёту твайго.
11 Бо Ён анёлам Сваім загадае пра цябе, каб захоўвалі цябе на ўсіх шляхах тваіх.
12 На руках панясуць цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою тваёю.
13 Па ільвах і гадзюках хадзіць будзеш, львянятаў і цмокаў патопчаш.
14 «За тое, што ён Мяне ўзьлюбіў, збаўлю яго; узвышу яго, бо імя Маё ведае.
15 Будзе клікаць Мяне, і Я адкажу яму; у бядзе Я буду з ім, выратую яго і ўшаную яго.
16 Доўгімі днямі насычу яго і дам убачыць збаўленьне Маё».
ПСАЛЬМЫ 23 : 1 – 6
1 Псальм Давіда. ГОСПАД ёсьць Пастыр мой, ні ў чым ня буду мець нястачы!
2 На пашах зялёных Ён пасьвіць мяне, да водаў спакойных накіроўвае мяне.
3 Ён аднаўляе душу маю, на сьцежкі праведнасьці вядзе мяне дзеля імя Свайго.
4 Нават калі буду ісьці далінаю ценю сьмерці, ня буду баяцца ліха, бо Ты — са мною, кій Твой і падпора Твая, яны пацяшаюць мяне.
5 Ты накрываеш перад абліччам маім стол насуперак тым, якія ўціскаюць мяне; галаву маю Ты памазаў алеем, і келіх мой да верху наліты.
6 Толькі добрасьць і міласэрнасьць Твая будуць ісьці са мною ўсе дні жыцьця майго; і ў Доме ГОСПАДА буду жыць доўгія дні.
ПСАЛЬМЫ 27 : 1 – 14
1 Давіда. ГОСПАД — сьвятло маё і збаўленьне маё. Каго мне баяцца? ГОСПАД — апора жыцьця майго. Каго мне палохацца?
2 Калі злачынцы выйдуць супраць мяне, каб пажэрці цела маё, прыгнятальнікі і ворагі мае, яны самі спатыкнуцца і ўпадуць.
3 Калі табар вайсковы стане супраць мяне, сэрца маё ня будзе баяцца; калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я і тады спадзявацца буду.
4 Аднаго я прашу ў ГОСПАДА і гэтага толькі шукаю, каб жыць мне ў Доме ГОСПАДА ўсе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство ГОСПАДА і разважаць у сьвятыні Ягонай.
5 Бо Ён заслоніць мяне ў схове Сваім у дзень злы, Ён схавае мяне пад заслонай намёту Свайго і ўзьнясе мяне на скалу.
6 Гэтак будзе ўзьнесена цяпер галава мая па-над усімі ворагамі маімі вакол мяне, і буду ахвяроўваць ГОСПАДУ ахвяры ў намёце Ягоным пад трубныя гукі, буду сьпяваць і выслаўляць ГОСПАДА.
7 Пачуй, ГОСПАДЗЕ, голас мой, калі я клічу. Зьлітуйся нада мною і адкажы мне!
8 Пра Цябе кажа сэрца маё: «Шукайце аблічча Маё!» Я буду шукаць, ГОСПАДЗЕ, аблічча Тваё!
9 Не хавай ад мяне аблічча Тваё, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адкідай мяне і не пакінь мяне, Божа збаўленьня майго!
10 Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а ГОСПАД прыгарнуў мяне.
11 Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, і вядзі мяне роўнай сьцежкай насупраць ворагам маім!
12 Не аддавай мяне ў рукі прыгнятальнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі супраць мяне і той, што дыхае няправасьцю.
13 Але я веру, што ўбачу добрасьць ГОСПАДА ў зямлі жывых.
14 Спадзявайся на ГОСПАДА! Будзь цьвёрды і сэрца тваё ўмацуй, і спадзявайся на ГОСПАДА!
ПСАЛЬМЫ 37 : 1 – 40
1 Давіда. Ня гневайся, [гледзячы] на злачынцаў, не зайздросьці тым, што робяць беззаконьне,
2 бо яны, як трава, хутка ссохнуць, і павянуць, як расьліна зялёная.
3 Спадзявайся на ГОСПАДА і рабі добрае, жыві на зямлі, і захоўвай вернасьць.
4 Насалоджвайся ў ГОСПАДЗЕ, і Ён табе дасьць прагненьні сэрца твайго.
5 Аддай ГОСПАДУ шлях твой і спадзявайся на Яго, і Ён [усё] зробіць,
6 і выведзе праведнасьць тваю як сьвятло, і суд твой — як белы дзень.
7 Ціхі будзь перад ГОСПАДАМ і чакай на Яго, ня гневайся на таго, хто мае посьпех на шляху сваім, на чалавека, які робіць зламыснае.
8 Ухіліся ад гневу, пакінь ярасьць, ня гневайся, каб ты ня стаўся злачынцам,
9 бо злачынцы будуць зьнішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, возьмуць у спадчыну зямлю.
10 Яшчэ крыху, і ня будзе бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго няма!
11 А пакорныя зямлю ў спадчыну возьмуць і будуць насалоджвацца ў мностве супакою.
12 Бязбожнік задумвае ліхое супраць праведнага і скрыгоча на яго зубамі сваімі.
13 Госпад сьмяецца з яго, бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
14 Бязбожнікі выцягнулі меч і нацягнулі лук свой, каб паваліць прыгнечанага і беднага, каб замардаваць тых, у каго шлях просты.
15 Меч іхні ўвойдзе ў сэрца іхняе, і лук іхні будзе зламаны.
16 Малое ў праведніка лепшае за багацьце шматлікіх бязбожнікаў.
17 Бо рамёны бязбожнікаў будуць скрышаныя, а праведнікаў падтрымлівае ГОСПАД.
18 Ведае ГОСПАД дні беззаганных, і спадчына іхняя будзе на вякі.
19 Ня будуць яны асаромленыя ў час ліхі, а ў дні голаду будуць насычаныя.
20 Бо загінуць бязбожнікі, і ворагі ГОСПАДА зьнікнуць, як тлустасьць авечак у дыме зьнікае.
21 Бярэ бязбожнік у доўг — і [доўгу] ня верне; а праведнік літуецца і дае.
22 Бо дабраслаўлёныя [Богам] зямлю ў спадчыну возьмуць, а тыя, што праклятыя Ім, будуць зьнішчаныя.
23 ГОСПАД умацоўвае крокі чалавека, калі шлях ягоны даспадобы Яму.
24 Калі ўпадзе, не заб’ецца, бо Госпад падтрымлівае руку ягоную.
25 Я быў малады і стаўся стары, і ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты, каб насеньне ягонае шукала хлеба.
26 Кожны дзень ён літуецца і пазычае, і насеньне ягонае мае дабраслаўленьне.
27 Аддаліся ад зла і рабі добрае, і будзеш жыць на вякі.
28 Бо ГОСПАД любіць суд, і Ён не пакіне багабойных Сваіх, на вякі захавае іх, а насеньне бязбожнікаў будзе зьнішчана.
29 Праведнікі возьмуць у спадчыну зямлю і будуць жыць у ёй вечна.
30 Вусны праведніка выказваюць мудрасьць, і язык ягоны гаворыць суд.
31 Закон Бога ягонага ў сэрцы ягоным; ня будуць хістацца крокі ягоныя.
32 Бязбожнік сочыць за праведнікам і шукае, каб прывесьці да сьмерці яго.
33 ГОСПАД не пакіне яго ў руцэ ягонай, не асудзіць яго, калі ён будзе суджаны.
34 Спадзявайся на ГОСПАДА, і захоўвай шлях Ягоны, і Ён узвысіць цябе, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю; і калі будуць зьнішчаныя бязбожнікі, ты ўбачыш.
35 Я бачыў бязбожніка, моцнага і разгалінаванага, быццам галінастае тутэйшае дрэва,
36 але прамінуў ён, няма яго, і я шукаў яго, і не знайшоў.
37 Зважай на беззаганнага і глядзі на правага, бо канец [гэтага] чалавека ёсьць супакой.
38 А адступнікі будуць зьнішчаны чыста; і канец бязбожных — зьнішчэньне.
39 Выратаваньне праведнікаў — ад ГОСПАДА, Ён — апора іхняя ў час трывогі.
40 ГОСПАД дапаможа ім і вызваліць іх; Ён вызваліць іх ад бязбожнікаў і збавіць іх, бо яны ў Ім маюць надзею.
Leave a Reply