Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае праведнасць
1 ЯНА 2 : 29
29 Калі вы ведаеце, што Ён праведны, ведайце, што ўсякі, хто чыніць праведнасьць, ад Яго народжаны.
1 ПЯТРА 5 : 10
10 А Бог усякае ласкі, Які паклікаў нас, што крыху цярпелі, у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, няхай Сам удасканаліць вас, няхай умацуе, няхай узмоцніць, няхай угрунтуе.
ПСАЛЬМЫ 106 : 3
3 Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і робяць праведнасьць у кожным часе.
ЯКУБА 1 : 4
4 А цярплівасьць няхай мае дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалымі і суцэльнымі, без аніякага недахопу.
РЫМЛЯНАЎ 5 : 1 – 5
1 Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
2 праз Якога таксама маем вераю доступ да тае ласкі, у якой стаім і хвалімся надзеяй славы Божай.
3 І ня толькі [гэтым], але хвалімся і ў прыгнётах, ведаючы, што прыгнёт робіць цярплівасьць,
4 а цярплівасьць — выпрабаванасьць, а выпрабаванасьць — надзею,
5 а надзея ня ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, Які нам дадзены.
ПРЫПОВЕСЬЦІ 2 : 5 – 20
5 тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.
6 Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.
7 Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.
8 Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.
9 Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны шлях добры,
10 калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.
11 Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,
12 каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,
13 ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,
14 якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,
15 у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,
16 каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што гаворыць лісьліва,
17 якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.
18 Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;
19 усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.
20 Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
1 ПЯТРА 3 : 14
14 Але калі вы і пацярпелі за праведнасьць, вы шчасьлівыя. А страху іхняга не палохайцеся і не трывожцеся.
1 ЯНА 3 : 7
7 Дзеткі! Няхай ніхто вас не падмане. Хто чыніць праведнасьць, той праведны, як і Ён праведны.
МАЦЬВЕЯ 5 : 20
20 Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
ФІЛІПЯНАЎ 1 : 11
11 напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і пахвалу Божую.
ІСАЯ 33 : 15 – 17
15 Хто ходзіць у праведнасьці і гаворыць праўдзіва, хто брыдзіцца прыбыткам з рабаваньня, хто стрымлівае далоні свае, каб прымаць хабар, хто затыкае вушы свае, каб ня чуць пра [праліцьцё] крыві, і заплюшчвае вочы, каб не глядзець на зло,
16 той будзе жыць на вышынях, і ўмацаваньні на скалах [будуць] сховішчам ягоным, будзе дадзены яму хлеб ягоны і вада ягоная [будзе] ў яго напэўна.
17 Валадара ў прыгажосьці Ягонай убачаць вочы твае, ты будзеш глядзець на зямлю далёкую.
2 ЦІМАФЕЯ 2 : 22
22 Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца.
ЯНА 3 : 21
21 А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».
РЫМЛЯНАЎ 8 : 4 – 6
4 каб праведнасьць Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа ходзяць.
5 Бо тыя, што паводле цела, — пра цялеснае думаюць; а тыя, што паводле духа, — пра духоўнае.
6 Бо думкі цялесныя — сьмерць, а думкі духоўныя — жыцьцё і супакой.
2 ТЭСАЛОНЦАЎ 1 : 3 – 5
3 Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі,
4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля цярплівасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце,
5 на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце.
РЫМЛЯНАЎ 10 : 4
4 Бо канец Закону — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму, хто верыць.
МАЛАХІЯ 3 : 3
3 І Ён сядзе, каб растапіць і ачысьціць срэбра, і Ён ачысьціць сыноў Левія, і ператопіць іх як золата і срэбра, і яны будуць для ГОСПАДА прыносіць дары ў праведнасьці.
МАРКА 11 : 24
24 Дзеля гэтага кажу вам: Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам.
1 КАРЫНЬЦЯНАЎ 1 : 30
30 А вы — з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,
РЫМЛЯНАЎ 5 : 17
17 Бо калі праз грэх аднаго сьмерць валадарыла праз аднаго, шмат больш тыя, якія атрымалі багацьце ласкі і дар праведнасьці, будуць валадарыць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста.
Leave a Reply