Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае пастухоўства
1 ПЯТРА 5 : 1 – 14
1 Старостаў, якія сярод вас, прашу я, сустаршыня і сьведка пакутаў Хрыстовых і супольнік славы, якая мае адкрыцца:
2 пасьвіце Божы статак, які ў вас, гледзячы за ім не пад прынукаю, але добраахвотна, і не дзеля прыбыткаў, але з ахвотаю,
3 і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад статку,
4 і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце вянок славы, які ня счэзьне.
5 Таксама і вы, маладыя, падпарадкоўвайцеся старостам, а ўсе, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакорнасьць, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.
6 Дык скарыцеся пад уладную руку Божую, каб Ён узьвялічыў вас у свой час.
7 Усе турботы свае ўскладайце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас.
8 Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
9 Супрацьстаньце яму цьвёрдай вераю, ведаючы, што такія самыя пакуты здараюцца з братамі вашымі ў сьвеце.
10 А Бог усякае ласкі, Які паклікаў нас, што крыху цярпелі, у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, няхай Сам удасканаліць вас, няхай умацуе, няхай узмоцніць, няхай угрунтуе.
11 Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
12 Гэта коратка напісаў я вам праз Сілуана, вернага, як лічу, брата, каб суцешыць і засьведчыць, што праўдзівая ласка Божая, у якой вы стаіцё.
13 Вітае вас [царква], што ў Бабілоне, выбраная разам з вамі, і Марк, мой сын.
14 Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові. Супакой вам усім, якія ў Хрысьце Ісусе. Амэн.
ГЕБРАЯЎ 10 : 25
25 не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы [ў яго], і тым больш, калі бачыце, што набліжаецца дзень той.
1 ЦІМАФЕЯ 3 : 1 – 16
1 Вернае слова: «Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае».
2 Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць,
3 ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,
4 каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.
5 А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?
6 [Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.
7 Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.
8 Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,
9 якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
10 І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.
11 Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.
12 Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,
13 бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
14 Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
15 каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.
16 І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.
Leave a Reply