Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае летуценнікі
ГЕБРАЯЎ 4 : 12
12 Бо слова Божае жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і працінае аж да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і шпіку, і судзіць думкі і намеры сэрца.
ІСАЯ 14 : 1 – 32
1 І блізкі ўжо час ягоны, і дні ягоныя ня будуць цягнуцца. Бо зьлітуецца ГОСПАД над Якубам, і зноў выбярэ Сабе Ізраіля, і зьмесьціць іх у зямлі іхнія; і далучыцца да іх прыхадзень, і будзе належаць да дому Якуба.
2 І возьмуць іх народы, і завядуць іх да месца іхняга, і атрымае іх дом Ізраіля ў зямлі ГОСПАДА як слугаў і служак. І яны палоняць тых, якія іх паланілі, і будуць мець уладу над крыўдзіцелямі сваімі.
3 І станецца ў дзень, калі ГОСПАД дасьць табе супачынак ад пакутаў тваіх, ад гароты тваёй і ад працы цяжкай, якую ты мусіў рабіць,
4 што ўзьнясеш ты гэтую прыповесьць пра валадара Бабілонскага, і скажаш: «Як надыйшоў канец крыўдзіцелю, спыніліся зьдзекі ягоныя!
5 Паламаў ГОСПАД кій бязбожнікаў, дубец тых, што пануюць,
6 які біў народы ў лютасьці, б’ючы няспынна, які ў гневе меў уладу над народамі, перасьледуючы іх без шкадаваньня.
7 Супачыла, супакоілася ўся зямля, сьпявае радасна.
8 Нават кіпарысы і кедры лібанскія радуюцца дзеля цябе, [кажучы]: “Калі ты зьлёг, ніхто не прыходзіць сьсякаць нас”.
9 Апраметная, што ўнізе, затрэслася дзеля цябе, каб [выйсьці] насустрач прыходу твайму, абудзіць дзеля цябе памёршых, усіх правадыроў зямлі, і падняць з пасадаў іхніх усіх валадароў народаў.
10 Усе яны адкажуць і скажуць табе: “Таксама ты саслабеў, як і мы, стаўся падобным да нас”.
11 Укінута ў апраметную пыха твая і гукі гусьляў тваіх. Паслана пад табою чарвямі, і чарвяк — накрыцьцё тваё.
12 Як ты зваліўся з неба, дзяньніца, сын зараніцы? Разьбіўся аб зямлю той, які перамагаў народы.
13 Ты казаў у сэрцы тваім: “Узыйду на неба і вышэй зорак Божых пастаўлю пасад мой, і сяду на гары зграмаджэньня, на скраю поўначы,
14 падымуся па-над вяршыні аблокаў, буду падобны да Найвышэйшага”.
15 Але ты скінуты ў пекла, на самае дно!
16 Тыя, што ўбачаць цябе, будуць прыглядацца да цябе і разважаць: “Ці ж гэта ня той муж, які ўстрасаў зямлю, хістаў валадарствы,
17 які ўвесь сусьвет зрабіў пустыняю, а гарады ягоныя руйнаваў, які палонных сваіх не адпускаў дадому?”
18 Усе валадары народаў, усе яны ляжаць у славе, кожны ў доме сваім,
19 а ты выкінуты з магілы тваёй як парасьць абрыдлая, ты аточаны забітымі, прабітымі мячом, якіх кладуць на камянях ямы [магільнай], як труп растаптаны.
20 Ты ня будзеш далучаны да іх у магіле, бо ты загубіў зямлю тваю, пазабіваў народ твой. Ня будзе ўзгадвацца на вякі насеньне злачынцаў.
21 Падрыхтуйце разьню для сыноў ягоных за беззаконьне бацькоў іхніх, каб яны не паўсталі, і ня ўзялі ў спадчыну зямлю, і не напоўнілі аблічча сусьвету гарадамі [сваімі]».
22 І Я паўстану супраць іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і выгублю імя Бабілону, і рэшту, і нашчадка, і ўнука, кажа ГОСПАД.
23 І Я зраблю яго паселішчам вожыкаў і возерам водным, і вымяту яго мятлою зьнішчэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
24 Прысягнуў ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: «Сапраўды, як Я задумаў, так і станецца, і што Я вырашыў, тое споўніцца.
25 Я скрышу Асірыю на зямлі Маёй і на гарах Маіх стапчу яе. І здымецца з іх ярмо ейнае, і цяжар ейны зваліцца з плячэй іхніх.
26 Гэта рада, якая раджаная адносна ўсёй зямлі, і гэта рука, якая выцягнутая над усімі народамі.
27 Бо ГОСПАД Магуцьцяў вырашыў, і хто перашкодзіць? І рука Ягоная выцягнутая, і хто адверне яе?»
28 У год сьмерці валадара Ахаза быў такі цяжар [ад Госпада]:
29 «Ня радуйся, уся [зямля] Філістынская, што зламаны дубец, які біў цябе, бо з кораня зьмяінага выйдзе гадзюка, і плодам яе [будзе] гадзіна крылатая.
30 І будуць пасьвіцца першародныя бедных, і ўбогія адпачнуць бясьпечна, а корань твой Я вымару голадам і выб’ю рэшту тваю.
31 Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся [зямля] Філістынская! Бо з поўначы прыходзіць дым, і ніхто не адстае ад дружынаў ягоных.
32 І што адкажуць пасланцам народаў? Тое, што ГОСПАД заснаваў Сыён і ў ім маюць надзею прыгнечаныя з народу Ягонага».
ДЗЕІ 10 : 1 – 48
1 А ў Цэзарэі быў адзін муж, на імя Карнэль, сотнік кагорты, называнай Італійскай,
2 пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён чыніў шмат міласьцінаў народу і ўсьцяж маліўся Богу.
3 Ён бачыў яўна ў відзежы каля дзявятае гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: «Карнэль!»
4 Ён жа, углядаючыся на яго і будучы ў страху, сказаў: «Што, Госпадзе?» А той сказаў яму: «Малітвы твае і міласьціны твае ўзыйшлі на памяць перад Богам.
5 І цяпер пашлі ў Ёппу мужоў, і пакліч Сымона, які называецца Пятром;
6 ён гасьцюе ў нейкага Сымона гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што ты мусіш рабіць».
7 Калі ж анёл, які гаварыў з Карнэлем, адыйшоў, ён, паклікаўшы двух слугаў сваіх і пабожнага жаўнера з тых, што былі пры ім,
8 і ўсё ім распавёўшы, паслаў іх у Ёппу.
9 А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётар узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
10 Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне,
11 і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю.
12 У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя.
13 І стаўся голас да яго: «Устаўшы, Пётар, заколвай і еш».
14 А Пётар сказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага».
15 І голас ізноў другі раз да яго: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань».
16 Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба.
17 Калі ж Пётар бянтэжыўся ў сабе, што б значыў відзеж, які бачыў, вось, мужы, пасланыя ад Карнэля, распытаўшы пра дом Сымона, спыніліся ля брамы
18 і, крыкнуўшы, спыталіся, ці тут гасьцюе Сымон, называны Пятром.
19 А як Пётар думаў пра гэты відзеж, сказаў яму Дух: «Вось, тры мужы шукаюць цябе.
20 Дык, устаўшы, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумняваючыся, бо Я паслаў іх».
21 Зыйшоўшы ж да тых мужоў, пасланых да яго ад Карнэля, Пётар сказаў: «Вось, я той, каго вы шукаеце. Што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
22 Яны ж сказалі: «Карнэль, сотнік, муж праведны і багабойны, пра якога сьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў загад ад сьвятога анёла паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словы ад цябе».
23 Тады Пётар, запрасіўшы, гасьцяваў іх, а на заўтра пайшоў з імі, і некаторыя з братоў, якія з Ёппы, пайшлі з ім.
24 І на наступны дзень прыйшлі яны ў Цэзарэю, а Карнэль чакаў на іх, склікаўшы сваякоў сваіх і блізкіх сяброў.
25 Калі ж сталася, што Пётар увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
26 А Пётар падняў яго, кажучы: «Устань, і я таксама чалавек».
27 І, размаўляючы з ім, увайшоў, і знаходзіць шмат сабраных.
28 І прамовіў да іх: «Вы ведаеце, што не належыцца мужу Юдэйскаму злучацца ці зыходзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не называць ніякага чалавека паганым ці нячыстым.
29 Дзеля гэтага я і прыйшоў, як быў пакліканы, без пярэчаньняў. Дык пытаюся: дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?»
30 І прамовіў Карнэль: «Ад чацьвёртага дня аж да гэтае гадзіны я посьціў і а дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
31 і мовіць: “Карнэль, пачутая малітва твая, і міласьціны твае ўзгаданыя перад Богам.
32 Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў доме Сымона гарбара, ля мора; ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
33 Дык я неадкладна паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прыйшоўшы. А цяпер мы ўсе прыйшлі перад [аблічча] Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».
34 А Пётар, расчыніўшы вусны, сказаў: «Праўдзіва спасьцерагаю, што не на аблічча зважае Бог,
35 але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць.
36 Слова паслаў Ён сынам Ізраіля, дабравесьцячы супакой праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усяго.
37 Вы ведаеце слова, што сталася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, якое абвясьціў Ян,
38 як Бог памазаў Духам Сьвятым і моцай Ісуса з Назарэту, Які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, прыгнятаных д’яблам, бо Бог быў з Ім.
39 І мы — сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у краіне Юдэйскай і ў Ерусаліме. І забілі Яго, павесіўшы на дрэве.
40 Яго Бог уваскрасіў на трэці дзень, і даў Яму аб’яўляцца
41 не ўсяму народу, але сьведкам, наперад прызначаным ад Бога, нам, якія елі і пілі з Ім пасьля ўваскрасеньня Яго з мёртвых.
42 І Ён загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых.
43 Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае».
44 Калі Пётар яшчэ гаварыў словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, якія слухалі слова.
45 І дзівіліся верныя з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, што і на паганаў выліты дар Сьвятога Духа,
46 бо чулі іх, як гаварылі мовамі і ўзьвялічвалі Бога. Тады адказаў Пётар:
47 «Няўжо нехта можа забараніць [узяць] вады дзеля хрышчэньня тых, якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?»
48 І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён.
ГАЛЯТАЎ 6 : 1
1 Браты, калі і ўпадзе чалавек у які праступак, вы, духоўныя, выпраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, зважаючы на сябе, каб ня быць спакушанымі.
ЯНА 14 : 1
1 Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і верце ў Мяне.
ДРУГАЗАКОНЬНЕ 18 : 20 – 22
20 А прарок, які адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў яму, каб ён казаў, або які будзе прамаўляць у імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці”.
21 А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Як я магу даведацца, што словы гэтыя ГОСПАД не прамаўляў?”,
22 калі прарок прадказаў у імя ГОСПАДА, а ня сталася так, і ня споўнілася, гэта ня тое слова, якое прамовіў ГОСПАД, але ў пыхлівасьці сваёй гэта прамовіў прарок. Ня бойся яго.
ЮДЫ 1 : 8
8 гэтаксама будзе і з гэтымі летуценьнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць панаваньне і блюзьняць супраць славы.
Leave a Reply