Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае кніга адкрыцьця
АДКРЫЦЬЦЁ 20 : 11 – 15
11 І ўбачыў я вялікі белы пасад і Таго, Які сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося месца для іх.
12 І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам. І былі разгорнутыя кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, якая ёсьць [кніга] жыцьця, і былі суджаныя мёртвыя паводле напісанага ў кнігах, паводле справаў сваіх.
13 І аддало мора мёртвых, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі мёртвых, што ў іх; і быў суджаны кожны паводле справаў сваіх.
14 А сьмерць і пекла кінутыя ў возера агню. Гэта — другая сьмерць.
15 І калі хто ня быў знойдзены запісаным у кнізе жыцьця, той быў кінуты ў возера агню.
АДКРЫЦЬЦЁ 1 : 20
20 Тайна сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі сьвечнікаў залатых: сем зорак — гэта анёлы сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў, якія ты бачыў, — гэта сем цэркваў.
АДКРЫЦЬЦЁ 2 : 1 – 29
1 Анёлу Эфэскае царквы напішы: “Гэта кажа Той, Які трымае сем зорак у правіцы Сваёй і Які ходзіць сярод сямі залатых сьвечнікаў:
2 ‘Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і дасьведчыў тых, якія называюць сябе апосталамі і ня ёсьць [імі], і знайшоў, што яны хлусы,
3 і ты перанёс, і маеш цярплівасьць, і дзеля імя Майго працаваў і не зьнямогся.
4 Але маю супраць цябе, што ты пакінуў першую любоў тваю.
5 Дык памятай, адкуль выпаў, і навярніся, і рабі першыя справы твае; а калі не, хутка прыйду да цябе і зрушу сьвечнік твой з месца ягонага, калі не навернешся.
6 Але тое ты маеш, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу’.
7 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага”.
8 І анёлу Сьмірнскае царквы напішы: “Гэта кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:
9 ‘Ведаю справы твае, і прыгнёт, і ўбоства, хоць ты багаты, і блюзьнерствы ад тых, якія называюць сябе Юдэямі і ня ёсьць, але ёсьць сынагога шатана.
10 Не палохайся нічога, што маеш выцярпець. Вось, д’ябал мае кідаць [некаторых] з вас у вязьніцу, каб спакусіць вас; і будзеце мець прыгнёт дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і Я дам табе вянок жыцьця’.
11 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Той, хто пераможа, не дазнае крыўды ад сьмерці другое”.
12 І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: “Гэта кажа Той, Які мае меч двусечны востры:
13 ‘Ведаю справы твае, і што жывеш там, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не адрокся веры Маёй у тыя дні, калі ў вас, дзе пасяліўся шатан, быў забіты Антыпа, сьведка Мой верны.
14 Але маю супраць цябе крыху, бо маеш там тых, якія трымаюцца вучэньня Білеама, які навучыў Балака кінуць згаршэньне перад сынамі Ізраіля, каб яны елі ахвяры ідалам і жылі распусна.
15 Таксама маеш і ты тых, якія трымаюцца вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.
16 Навярніся, а калі не, хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх’.
17 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад манны схаванае і дам яму каменьчык белы, і на каменьчыку імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі той, хто атрымаў”.
18 І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: “Гэта кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агню, і ногі Свае, падобныя да сьпіжу:
19 ‘Ведаю справы твае і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае, і што апошнія большыя, чым першыя.
20 Але маю супраць цябе крыху, бо ты дазваляеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і падманваць слугаў Маіх, [каб яны] жылі распусна і елі ахвяры ідалам.
21 І Я даў ёй час, каб навярнулася ад распусты сваёй, і яна не навярнулася.
22 Вось, Я кідаю на ложак яе і тых, якія чужаложаць з ёю, — у вялікі прыгнёт, калі не навернуцца ад справаў сваіх,
23 і дзяцей ейных сьмерцю заб’ю, і даведаюцца ўсе цэрквы, што Я — Той, Які дасьледуе ныркі і сэрца, і Я дам вам кожнаму паводле справаў вашых.
24 Вам жа кажу і рэшце, што ў Тыятыры, усім, якія ня маюць гэтага вучэньня і якія не даведаліся так званых глыбіняў шатана: “Ня ўскіну на вас іншага цяжару.
25 Толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль не прыйду”.
26 І таму, хто пераможа і захавае справы Мае да канца, Я дам уладу над паганамі,
27 і ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным; як начыньне глінянае, яны будуць скрышаныя, як і Я атрымаў ад Айца Майго,
28 і дам яму зорку ранішнюю’.
29 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.
АДКРЫЦЬЦЁ 13 : 1 – 18
1 І стаў я на пяску марскім; і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў; і на рагах ягоных — дзесяць дыядэмаў, і на галовах ягоных — імя блюзьнерскае.
2 І зьвер, якога я ўбачыў, быў падобны да рыся, і ногі ягоныя — як у мядзьведзя, і пашча ягоная — як пашча ільвіная. І даў яму цмок моц сваю, і пасад свой, і ўладу вялікую.
3 І ўбачыў я, [што] адна з галоваў ягоных, быццам на сьмерць забітая, і рана яе сьмяротная аздаравілася, і зьдзіўлялася ўся зямля ззаду за зьверам,
4 і пакланіліся цмоку, які даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, кажучы: «Хто падобны да гэтага зьвера? Хто можа ваяваць з ім?»
5 І дадзены яму вусны, якія гавораць вялікае і блюзьнерскае, і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
6 І ён расчыніў вусны свае дзеля блюзьнерства супраць Бога, каб блюзьніць на імя Ягонае, і намёт Ягоны, і тых, якія жывуць у небе.
7 І дадзена яму весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму ўлада над усякім каленам, і моваю, і народам.
8 І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця Ягняці, забітага ад заснаваньня сьвету.
9 Калі хто мае вуха, няхай слухае.
10 Калі хто вядзе ў палон, у палон пойдзе; калі хто мячом забівае, сам мусіць быць мячом забіты. Тут цярплівасьць і вера сьвятых.
11 І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў з зямлі, і меў ён два рогі, падобныя да ягнячых, і гаварыў, як цмок.
12 І ўсю ўладу першага зьвера ён зьдзяйсьняе перад ім, і робіць, каб зямля і жыхары яе пакланяліся першаму зьверу, у якога аздароўлена сьмяротная рана ягоная.
13 І робіць знакі вялікія, і агонь робіць, каб зыходзіў з неба на зямлю перад людзьмі,
14 і падманвае жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зьверам, кажучы жыхарам зямлі зрабіць вобраз зьвера, што мае рану ад мяча і жывы.
15 І дадзена яму даць дух вобразу зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў, і рабіў, каб тыя, хто не паклоніцца вобразу зьвера, былі забітыя.
16 І робіць, каб усім: малым, і вялікім, і багатым, і ўбогім, і свабодным, і слугам — была дадзена пазнака на правую руку іхнюю або на лоб іхні,
17 і каб ніхто ня мог ані купляць, ані продаць, акрамя тых, якія маюць пазнаку, або імя зьвера, або лічбу імя ягонага.
18 Вось тут мудрасьць. Хто мае розум, няхай аблічыць лічбу зьвера; бо гэта лічба чалавека, і лічба яго шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць.
АДКРЫЦЬЦЁ 17 : 1 – 18
1 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, і загаварыў да мяне, кажучы мне: «Хадзем, я пакажу табе суд над распусьніцай вялікай, якая сядзіць над мноствам водаў,
2 з якою распусьнічалі валадары зямныя, і віном распусты яе напіваліся жыхары зямлі».
3 І ён павёў мяне ў духу ў пустыню, і ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на зьверы пунсовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў.
4 І жанчына была апранутая ў пурпур і кармазын, і аздобленая золатам і каштоўным камянём і пэрламі, і мела ў руцэ сваёй келіх залаты, поўны агіды і нячыстасьці распусты яе.
5 І на ілбе ў яе напісанае імя: «Тайна, Бабілон вялікі, маці распусьніц і агіды зямлі».
6 І ўбачыў я, што жанчына напіваецца крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І, бачачы яе, я зьдзіўляўся зьдзіўленьнем вялікім.
7 І сказаў мне анёл: «Што ты зьдзіўляешся? Я табе скажу таямніцу жанчыны і зьвера, які носіць яе і мае сем галоваў і дзесяць рагоў.
8 Зьвер, якога ты бачыў, быў і няма яго, і мае выйсьці з бездані і пайсьці на загубу; і зьдзівяцца жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця ад заснаваньня сьвету, гледзячы на зьвера, што ён быў і няма яго, хаця ёсьць.
9 Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў ёсьць сем гор, дзе жанчына сядзіць на іх,
10 і сем валадароў: пяць упалі, і адзін ёсьць, іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, нядоўга мусіць быць.
11 І зьвер, які быў і няма яго, ён — восьмы, і з сямі ён ёсьць, і на загубу ідзе.
12 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія яшчэ не атрымалі валадарства, але атрымаюць уладу, як валадары, на адну гадзіну разам са зьверам.
13 Яны маюць адну думку і моц і аддаюць уладу сваю зьверу.
14 Яны будуць ваяваць з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Пан паноў і Валадар валадароў, а тыя, што з Ім, — пакліканыя, і выбраныя, і верныя».
15 І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць распусьніца, — гэта плямёны, і натоўпы, і народы, і мовы.
16 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьверы, яны зьненавідзяць распусьніцу, і спустошаць яе, і аголяць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе ў агні;
17 бо Бог даў у сэрца іхняе ўчыніць думку Ягоную, і ўчыніць аднадумна, і даць валадарства сваё зьверу, пакуль ня зьдзейсьняцца словы Божыя.
18 І жанчына, якую ты бачыў, — гэта горад вялікі, які мае валадарства над валадарамі зямнымі».
АДКРЫЦЬЦЁ 20 : 4
4 І ўбачыў я пасады, і сядзелі на іх, і быў ім дадзены суд, і душы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зьверу і вобразу ягонаму, і не атрымалі пазнакі на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылі, і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў.
АДКРЫЦЬЦЁ 13 : 8
8 І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця Ягняці, забітага ад заснаваньня сьвету.
АДКРЫЦЬЦЁ 1 : 1
1 Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. І Ён даў знак, паслаўшы [яго] праз анёла Свайго слузе Свайму Яну,
АДКРЫЦЬЦЁ 1 : 3
3 Шчасьлівы той, які чытае, і тыя, якія слухаюць словы прароцтва і захоўваюць тое, што напісана ў ім, бо час блізкі.
2 ЦІМАФЕЯ 2 : 15
15 Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды.
АДКРЫЦЬЦЁ 20 : 7
7 І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе разьвязаны шатан з вязьніцы сваёй
АДКРЫЦЬЦЁ 7 : 1 – 17
1 І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ані на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
2 І ўбачыў я іншага анёла, які ўзыходзіў ад усходу сонца, які меў пячатку Бога Жывога. І закрычаў ён вялікім голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена чыніць шкоду зямлі і мору, кажучы:
3 «Не чыніце шкоды ані зямлі, ані мору, ані дрэвам, пакуль не паставім пячаткі на слугаў Бога нашага на ілбах іхніх».
4 І пачуў я лічбу папячатаных — сто сорак чатыры тысячы папячатаных з усякага калена сыноў Ізраіля.
5 З калена Юды — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Рубэна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Гада — дванаццаць тысячаў папячатаных;
6 з калена Асэра — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Нэфталі — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Манасы — дванаццаць тысячаў папячатаных;
7 з калена Сымона — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Левія — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Ісахара — дванаццаць тысячаў папячатаных;
8 з калена Завулёна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Язэпа — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Бэн’яміна — дванаццаць тясячаў папячатаных.
9 Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, з усякага народу, і калена, і племені, і мовы стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іхніх,
10 і ўсклікаюць яны вялікім голасам, кажучы: «Збаўленьне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці!»
11 І ўсе анёлы стаялі вакол пасаду, і старостаў, і чатырох жывёлаў, і ўпалі яны перад пасадам на абліччы свае, і пакланіліся Богу,
12 кажучы: «Амэн! Дабраслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і пашана, і моц, і магутнасьць Богу нашаму на вякі вякоў! Амэн!»
13 І адказаў адзін са старостаў, кажучы да мяне: «Гэтыя, апранутыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі?»
14 І я сказаў яму: «Пане, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія прыйшлі з вялікага прыгнёту. І яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці.
15 Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў бажніцы Ягонай; і Той, Які сядзіць на пасадзе, паселіцца ў іх,
16 і ня будуць яны хацець есьці, і ня будуць смагнуць, і ня будзе пячы іх сонца і аніякая сьпёка,
17 бо Ягня, Які пасярод пасаду, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх да жывых крыніцаў водаў, і абатрэ Бог усякую сьлязіну з вачэй іхніх».
АДКРЫЦЬЦЁ 1 : 7
7 Вось, Ён прыходзіць з аблокамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, якія прабілі Яго, і заплачуць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.
АДКРЫЦЬЦЁ 11 : 3
3 І Я дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніцу».
АДКРЫЦЬЦЁ 2 : 4 – 5
4 Але маю супраць цябе, што ты пакінуў першую любоў тваю.
5 Дык памятай, адкуль выпаў, і навярніся, і рабі першыя справы твае; а калі не, хутка прыйду да цябе і зрушу сьвечнік твой з месца ягонага, калі не навернешся.
АДКРЫЦЬЦЁ 18 : 20
20 Весяліся над ім, неба і сьвятыя апосталы і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго».
АДКРЫЦЬЦЁ 22 : 12
12 І вось, Я прыходжу хутка, і нагарода Мая са Мною, каб аддаць кожнаму [паводле таго], якія будуць справы ягоныя.
Leave a Reply