Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае духоўны прарыў
1 КАРЫНЬЦЯНАЎ 10 : 13
13 Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакушанымі больш, чым вы можаце [вытрымаць], але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі яе перанесьці.
ІСАЯ 60 : 1 – 22
1 Устань, сьвяціся, [Ерусалім], бо прыйшло сьвятло тваё, і слава ГОСПАДА заясьнела над табою.
2 Бо вось, цемра ахутае зямлю, і змрок — народы, а над табою заясьнее ГОСПАД, і слава Ягоная зьявіцца над табою.
3 І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і валадары — да зьзяньня бляску твайго.
4 Падымі вочы твае навакол і паглядзі, усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе. Сыны твае прыходзяць здалёк, і дочак тваіх нясуць на плячах.
5 Тады ўбачыш і зазьзяеш, і затрапеча і пашырыцца сэрца тваё, бо зьвернецца да цябе багацьце мора, і багацьце народаў прыйдзе да цябе.
6 Мноства вярблюдаў пакрые цябе, драмадэры з Мадыяну і з Эфы, усе яны з Шэвы прыйдуць, яны нясуць золата і кадзіла, хвалу ГОСПАДУ абвяшчаюць.
7 Усе авечкі Кедару зьбяруцца да цябе, бараны Нэбаёту паслужаць табе, яны ўзыйдуць на ахвярнік Мой як [ахвяра] ўпадабаная, і Я ўслаўлю дом красы Маёй.
8 Хто гэта, што лятуць як аблокі, як галубы да галубятняў сваіх?
9 Бо на Мяне чакаюць астравы, і першымі [плывуць] караблі Таршышу, каб прывезьці сыноў тваіх здалёк, срэбра іхняе і золата іхняе з імі дзеля імя ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.
10 Сыны чужынцаў адбудуюць муры твае, а валадары іхнія будуць служыць табе, бо ў гневе Маім Я ўдарыў цябе, але ў ласкавасьці Маёй зьлітуюся над табою.
11 Брамы твае будуць адчыненыя заўсёды, удзень і ўначы ня будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе багацьці народаў і валадароў іхніх прыводзілі [да цябе].
12 Бо народ і валадарства, якія не захочуць служыць табе, прападуць, і народы будуць цалкам выгублены.
13 Слава Лібану прыйдзе да цябе, [з ёй] разам кіпарысы, вязы і букі, каб упрыгожыць месца Маё сьвятое, і Я праслаўлю месца, дзе [стаяць] ногі Мае.
14 І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля.
15 За тое, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, і ніхто не хадзіў [праз цябе], Я зраблю цябе славай вечнай, радасьцю з пакаленьня ў пакаленьне.
16 І будзеш ты смактаць малако народаў, і грудзі валадароў будзеш смактаць, і даведаешся, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба.
17 Замест медзі Я прынясу золата, і замест жалеза прынясу срэбра, замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза. І Я пастаўлю мір вартаўніком тваім, а праведнасьць — начальнікам тваім.
18 Ня будзе больш чуваць у зямлі тваёй пра гвалт, пра спусташэньне і зьнішчэньне ў межах тваіх. І ты назавеш муры твае збаўленьнем, а брамы твае — хвалою.
19 Ня будзе ўжо сонца сьвяціць табе днём, і бляск месяца ня будзе асьвятляць цябе, але ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і Бог твой — аздобай тваёй.
20 Ня будзе больш заходзіць сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і скончацца дні жалобы тваёй.
21 І ўвесь народ твой будзе праведным, яны возьмуць зямлю ў спадчыну на вякі. Яны — парасткі насаджэньня Майго, твор рукі Маёй, каб Я праславіўся.
22 З найменшага станецца тысяча, а са слабога — народ магутны. Я, ГОСПАД, пасьпяшаюся [зрабіць] гэта ў свой час.
ІСАЯ 54 : 17
17 Усякая прылада, вырабленая супраць цябе, ня будзе мець посьпеху, і кожны язык, які стане супраць цябе ў судзе, ты асудзіш. Гэта — спадчына слугаў ГОСПАДА, і праведнасьць іхняя — ад Мяне, кажа ГОСПАД.
ПРЫПОВЕСЬЦІ 4 : 25 – 27
25 Вочы твае няхай глядзяць проста, а павекі твае няхай скіраваныя будуць перад табою.
26 Абдумай сьцежку для ног тваіх, і ўсе шляхі твае няхай будуць пэўныя.
27 Не зыходзь ані направа, ані налева, аддалі нагу тваю ад ліхоцьця.
ЭФЭСЦАЎ 6 : 12
12 бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах.
ДЗЕІ 1 : 8
8 але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі».
ЯНА 8 : 32
32 І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
ГАЛЯТАЎ 1 : 10
10 Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста.
1 ЛЕТАПІСАЎ 14 : 8 – 17
8 І пачулі Філістынцы, што Давід памазаны як валадар над усім Ізраілем, і выйшлі ўсе Філістынцы шукаць Давіда. І пачуў Давід, і выйшаў перад аблічча іхняе.
9 І Філістынцы прыйшлі, і азлажылі [табар] у даліне Рэфаім.
10 І спытаўся Давід у Бога, кажучы: «Ці вырушыць мне супраць Філістынцаў, і ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму ГОСПАД: «Руш, і Я аддам іх у рукі твае».
11 І пайшлі яны ў Баал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід, і сказаў Давід: «Пабіў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады». Дзеля гэтага далі імя месцу гэтаму Баал-Пэрацым.
12 І пакінулі там Філістынцы багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалілі [іх] у агні.
13 І сабраліся зноў Філістынцы, і разлажылі [табар] у даліне.
14 І зноў спытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не выходзь на іх, ухіліся ад іх і ідзі на іх з боку тутавых дрэваў.
15 Калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў, тады выйдзі на бітву, бо выйшаў Бог перад абліччам тваім, каб пабіць табар Філістынскі».
16 І зрабіў Давід, як загадаў яму Бог; і пабілі табар Філістынскі ад Гібэону аж да Гэзэры.
17 І было праслаўлена імя Давіда па ўсіх землях, і ГОСПАД спаслаў страх Свой на ўсе народы.
РЫМЛЯНАЎ 12 : 1 – 21
1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае,
2 і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае [Богу], і дасканалае.
3 Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: ня думайце [пра сябе] больш, чым трэба думаць, але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры.
4 Бо як у адным целе маем шмат членаў, але ня ўсе члены маюць тую самую работу,
5 гэтак мы, многія, зьяўляемся адным целам у Хрысьце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
6 Калі ж, паводле дадзенай нам ласкі, маем розныя дары, калі прароцтва, [няхай будзе] згодна з верай;
7 калі служэньне — у служэньні; калі хто вучыць — у навучаньні;
8 калі хто суцяшае — у суцяшэньні; калі хто раздае — у шчырасьці; калі хто кіруе — з дбайнасьцю; калі хто чыніць міласэрнасьць — з ахвотаю.
9 Любоў [няхай будзе] некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра.
10 Братняя любоў адзін да аднаго [няхай будзе] ад усяго сэрца, у пашане адзін аднаго выпярэджвайце;
11 у дбайнасьці не лянуйцеся; духам палайце; Госпаду служыце;
12 [маючы] надзею, радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве — няспыннымі;
13 у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці.
14 Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце.
15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
16 Думайце адзін пра аднаго аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе.
17 Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.
18 Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі.
19 Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу [Божаму], бо напісана: «“Мне [належыць] помста, Я аддам”, — кажа Госпад».
20 Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі смагне, напаі яго; бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугольлі распаленыя.
21 Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
ІСАЯ 58 : 1 – 14
1 Крычы на [ўсё] горла, ня стрымлівайся! Як труба, узьнімі голас твой і абвяшчай народу Майму злачынствы іхнія, а дому Якуба — грахі іхнія.
2 Яны шукаюць Мяне з дня ў дзень і жадаюць ведаць шляхі Мае, быццам народ, які чыніць праведнасьць і не занядбоўвае суду Бога свайго. Пытаюцца Мяне пра суд праведны, наблізіцца да Бога жадаюць.
3 «Чаму мы посьцілі, а Ты ня бачыў? Мы мучылі душы нашыя, а Ты ня ведаеш?» Вось, у дзень посту вашага вы спаўняеце пажаданьні вашыя і ўсіх работнікаў сваіх вы прыгнятаеце.
4 Вось, вы посьціце, каб вадзіцца і сварыцца, і б’іцёся кулакамі нахабна. Ня трэба посьціць так, як у гэты дзень, каб быў выслуханы на вышынях голас ваш.
5 Ці ж гэта той пост, які Я выбраў, дзень, калі чалавек прыгнятае душу сваю, гне галаву сваю, як трысьціна, і ў зрэбніцу апранаецца, і попелам пасыпае [галаву]? Ці ж гэта ты называеш постам і днём, які ўпадабаў ГОСПАД?
6 Ці ж ня гэта пост, які Я выбраў: здымі кайданы бязбожнасьці, разьвяжы путы ярма, пусьці ўцісканых на свабоду і ўсякае ярмо скрышы.
7 Ці ж ня ў тым [пост], каб падзяліцца хлебам сваім з галодным, убогіх і бяздомных увесьці ў дом? Калі ўбачыш голага, апрані яго, і перад крэўным сваім не хавайся.
8 Тады зазіхціць сьвятло тваё, як зараніца, і рана твая хутка загоіцца, і пойдзе перад абліччам тваім праведнасьць твая, а слава ГОСПАДА будзе ісьці за табой.
9 Тады будзеш клікаць, і ГОСПАД адкажа, будзеш крычаць, і Ён скажа: «Вось Я!» Калі ты прыбярэш спаміж сябе ярмо і ня будзеш пагражаць пальцам і гаварыць ліхое,
10 і калі адкрыеш душу сваю галоднаму і душу засмучаную насыціш, тады заясьнее сьвятло тваё ў цемры, і змрок твой [стане] як [сьвятло] апоўдні.
11 І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.
12 І адбудуюць [сыны] твае руіны адвечныя, ты адновіш падваліны многіх пакаленьняў, і назавуць цябе аднавіцелем выломаў, абнавіцелем шляхоў для засяленьня.
13 Калі ты дзеля суботы стрымаеш нагу тваю, каб не рабіць справаў тваіх у дзень Мой сьвяты, і назавеш суботу [днём] прыемным, сьвятым для ГОСПАДА і слаўным, і калі ўшануеш яе, каб не ісьці шляхамі сваімі, і ня будзеш шукаць, каб [рабіць] справу тваю і прамаўляць словы [пустыя],
14 тады ты будзеш насалоджвацца ГОСПАДАМ, і Ён падыме цябе на вышыні зямныя, і будзе карміць цябе спадчынай Якуба, бацькі твайго, бо вусны ГОСПАДА прамовілі гэта.
ЭФЭСЦАЎ 1 : 3
3 Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраслаўленьнем у нябёсах,
ЯНА 3 : 16
16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
ЭФЭСЦАЎ 6 : 18
18 Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ў-ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых
ІСАЯ 40 : 1 – 31
1 Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, кажа Бог ваш.
2 Прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і клічце да яго, што скончылася ліхая доля ягоная, што прабачанае беззаконьне ягонае, бо ён атрымаў з рукі ГОСПАДА падвойную [кару] за ўсе грахі свае.
3 Голас таго, хто кліча: «У пустыні рыхтуйце шлях ГОСПАДУ, прастуйце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму.
4 Кожная даліна няхай падымецца, і кожная гара і ўзгорак няхай будуць паніжаныя; і стануцца дарогі простымі, а няроўныя [шляхі] — гладкімі.
5 І зьявіцца слава ГОСПАДА, і ўбачыць яе кожнае цела, бо вусны ГОСПАДА прамовілі [гэта]».
6 Голас кажа: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Усякае цела — трава, і ўся слава ягоная — як кветка палявая.
7 Высыхае трава, вяне кветка, бо вецер ГОСПАДА падзьмуў на яе. Сапраўды, народ — як трава.
8 Высыхае трава, вяне кветка, але слова Бога нашага трывае на вякі.
9 Узыйдзі на высокую гару, дабравесьнік Сыёну! Узьнімі з [усёй] сілы голас твой, ты, дабравесьнік Ерусаліму! Узьнімі [голас], ня бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!»
10 Вось, Госпад ГОСПАД прыходзіць з моцай, рамяно Ягонае мае ўладу. Вось, нагарода Ягоная з Ім разам і плата Ягоная — перад абліччам Ягоным.
11 Як пастыр Ён пасьвіць статак Свой, і зьбірае рамяном Сваім ягнятаў, і носіць іх на грудзях Сваіх, і котных [авечак] гоніць паціху».
12 Хто зьмераў жменяй сваёй воды, і хто неба зьмераў пядзяй сваёй? Хто трацінай меркі памераў пыл зямлі? Хто ўзважыў на вагах горы, а на шалях — узгоркі?
13 Хто ўзважвае Дух ГОСПАДА? І які чалавек Яму даваў параду сваю?
14 З кім Ён раіўся і хто настаўляў Яго, і хто вучыў Яго сьцежцы суду, і вучыў Яго веданьню, і шляху розуму навучаў Яго?
15 Вось, народы — як кропля з вядра, і лічацца як пыл на шалях. Вось, астравы важаць як парушынка.
16 І Лібану ня хопіць на вогнішча, а зьвяроў ягоных ня хопіць на цэласпаленьне.
17 Усе народы перад Ім як нішто, яны ў Яго лічацца за марноту і пустку.
18 Да каго падобным зробіце Бога? Які вобраз надасьцё Яму?
19 Ідала вырабляе разьбяр, і залатар золатам пакрывае яго, і ланцужкі срэбраныя [прымацоўвае] залатар.
20 А хто бедны, бярэ дрэва, якое не гніе, шукае спраўнага майстра, каб зрабіў ідала, які не пахісьнецца.
21 Ці ж вы ня ведаеце? Ці ж вы ня чулі? Ці ж вам не было паведамлена ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі падвалінаў зямлі?
22 Ён — Той, Які сядзіць па-над скляпеньнем зямлі, і жыхары ейныя — як саранча [перад Ім]; Ён расьцягнуў, як ветразь, нябёсы, і напяў іх як намёт, каб жыць у ім.
23 Ён — Той, Які магнатаў робіць нічым, судзьдзяў зямлі робіць марнасьцю.
24 Ледзь яны пасаджаныя, ледзь пасеяны, ледзь камель іхні закараніўся ў зямлі, як Ён дыхнуў на іх, і яны павысыхалі, і віхор панёс іх як салому.
25 «І да каго вы прыраўняеце Мяне, каб быў Я роўны [яму]?» — кажа Сьвяты.
26 Узьніміце вочы вашыя ўгору і паглядзіце. Хто стварыў [зоркі гэтыя]? Той, Які выводзіць шыхтамі войска іхняе і кліча ўсіх іх на імя. Дзеля такой вялікасьці моцы і велізарнай магутнасьці аніводная ня згубіцца.
27 Чаму ты кажаш, Якуб, і гаворыш, Ізраіль: «Схаваны шлях мой перад ГОСПАДАМ, і суд мой адыйшоў ад Бога майго»?
28 Ці ты ня ведаеш? Або ты ня чуў? Бог Вечны, ГОСПАД, Які стварыў канцы зямлі, Ён ня слабне і не стамляецца, і недасьледная мудрасьць Ягоная!
29 Ён дае змучанаму сілу, а зьнямогламу павялічвае моц.
30 Юнакі слабнуць і стамляюцца, і хлопцы спатыкаюцца і падаюць,
31 а тыя, якія спадзяюцца на ГОСПАДА, аднаўляюць сілы, узьнімаюць крылы, як у арла, будуць бегчы, і ня стомяцца, і будуць хадзіць, і не саслабеюць.
ЭФЭСЦАЎ 3 : 20
20 А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць нашмат больш за ўсё, пра што мы просім або разумеем,
1 ЯНА 4 : 1 – 21
1 Улюбёныя! Ня ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат фальшывых прарокаў прыйшло ў сьвет.
2 З гэтага вы пазнаеце Духа Божага: усякі дух, які вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога,
3 а ўсякі дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, і гэта [дух] антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
4 Дзеткі! Вы — ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, Які ў вас, большы за таго, які ў сьвеце.
5 Яны — ад сьвету, дзеля гэтага гавораць ад сьвету, і сьвет слухае іх.
6 Мы — ад Бога. Хто ведае Бога, той слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. З гэтага мы пазнаем духа праўды і духа падману.
7 Улюбёныя! Будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
8 Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.
9 У гэтым выявілася любоў Божая да нас, што Бог паслаў у сьвет Сына Свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.
10 У гэтым любоў, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго як перамольваньне за грахі нашыя.
11 Улюбёныя! Калі Бог гэтак палюбіў нас, і мы павінны любіць адзін аднаго.
12 Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог у нас застаецца, і любоў Ягоная дасканалая ў нас.
13 З гэтага мы пазнаем, што мы застаемся ў Ім, і Ён — у нас, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
14 І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.
15 Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым застаецца Бог, і ён — у Богу.
16 І мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсьць любоў, і хто застаецца ў любові, застаецца ў Богу, і Бог — у ім.
17 Дзеля гэтага дасканаліцца любоў сярод нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо які Ён, гэткія і мы ў сьвеце гэтым.
18 Страху няма ў любові, але дасканалая любоў прэч выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; а хто баіцца, той у любові недасканалы.
19 Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас.
20 Калі хто кажа: «Я люблю Бога», і брата свайго ненавідзіць, той хлус, бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
21 І мы маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
ПРЫПОВЕСЬЦІ 14 : 29
29 У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць.
1 КАРЫНЬЦЯНАЎ 13 : 1 – 13
1 Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я — медзь, якая зьвініць, ці цымбалы, якія гудуць.
2 І калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я — нішто.
3 І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці.
4 Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца,
5 ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога,
6 ня радуецца з няправеднасьці, але цешыцца з праўды;
7 усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё трывае.
8 Любоў ніколі ня зьнікне, калі нават прароцтвы зьнікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне зьнішчыцца.
9 Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;
10 а калі прыйдзе дасканалае, тады тое, што частковае, зьнікне.
11 Калі я быў немаўлём, як немаўлятка гаварыў, як немаўлятка думаў; а калі стаўся мужам, пакінуў тое, што немаўляці.
12 Бо цяпер мы бачым праз [мутнае] шкло, невыразна; а тады — абліччам да аблічча; цяпер я разумею часткова, а тады пазнаю [гэтаксама], як я сам пазнаны.
13 А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але большая з іх — любоў.
Leave a Reply