Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае дасведчанасць
1 КАРЫНЬЦЯНАЎ 6 : 19
19 Або вы ня ведаеце, што цела вашае ёсьць бажніца Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і што вы не свае?
ІСАЯ 1 : 1 – 31
1 Відзеж Ісаі, сына Амоса, які ён бачыў адносна Юды і Ерусаліму ў дні Узіі, Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды.
2 Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, прыхілі вушы, бо ГОСПАД прамаўляе: «Я выкарміў сыноў і ўзгадаваў іх, а яны пайшлі супраць Мяне.
3 Вол ведае гаспадара свайго, і асёл — жолаб уласьніка свайго, а Ізраіль ня ведае [Мяне], народ Мой не разумее».
4 Гора табе, народ грэшны, народ, абцяжараны беззаконьнем, насеньне ліхадзейскае, сыны сапсутасьці! Вы пакінулі ГОСПАДА, пагардзілі Сьвятым Ізраіля, павярнуліся сьпінай [да Яго].
5 Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі вы множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае;
6 ад стапы нагі аж да чубу галавы няма на ім месца здаровага, раны і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя, і алеем не злагоджаныя.
7 Зямля вашая спустошана, гарады вашыя агнём папалены; чужынцы топчуць палеткі вашыя на вачах вашых; спусташэньне як пасьля зьнішчэньня Садому.
8 Дачка Сыёну пакінута як намёт у вінаградніку, як будан у агародзе, як горад у аблозе.
9 Калі б ГОСПАД Магуцьцяў не пакінуў нам рэшты, сталіся б мы як Садом, былі б падобныя да Гаморы.
10 Слухайце слова ГОСПАДА, князі Садомскія, пачуйце закон Бога нашага, народ Гаморы!
11 «Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? — кажа ГОСПАД. — Я насычаны цэласпаленьнямі казлоў і тлустасьцю кормных цялятаў; кроў валоў, бараноў і казлоў Мне абрыдла.
12 Калі вы прыходзіце перад аблічча Маё, хто жадае, каб вы тапталі панадворак Мой?
13 Не складайце больш ахвяраў пустых! Каджэньне абрыдла Мне. Сьвятаў маладзіка, суботаў і голасу сходаў не магу вытрываць, бо нягодныя ўрачыстасьці [вашыя].
14 Брыдзіцца душа Мая сьвятамі маладзіка і ўрачыстасьцямі вашымі. Яны сталіся Мне цяжарам, Я мучуся, іх пераносячы!
15 Калі вы выцягваеце рукі, Я адварочваю вочы Мае ад вас, і нават калі павялічыце малітвы вашыя, ня выслухаю, бо рукі вашыя ў крыві.
16 Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыбярыце ліхоту ўчынкаў вашых з вачэй Маіх! Спыніцеся чыніць зло!
17 Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра суд, дапамагайце пакрыўджанаму, абараняйце сіротаў, заступайцеся за ўдоваў!
18 Тады прыходзьце і спрачайцеся са Мною, — кажа ГОСПАД. Хоць бы грахі вашыя былі, як пурпур, як сьнег стануцца белымі; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, стануцца як воўна.
19 Калі вы скарыцеся і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцьці зямлі.
20 А калі адмовіцеся і ня будзеце слухаць, вынішчыць вас меч, бо гэта сказалі вусны ГОСПАДА!»
21 Як стаўся распусьніцай горад верны, поўны суду? Праведнасьць жыла ў ім, а цяпер — забойцы.
22 Срэбра тваё сталася жужалем, віно зьмяшалася з вадою.
23 Князі твае — бунтаўнікі і супольнікі злодзеяў; яны ўсе любяць падарункі і гоняцца за хабарамі, а не спагадаюць сіраце, і справа ўдоваў іх не цікавіць.
24 Дзеля гэтага так кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, Моцны Ізраіля: «Я буду цешыцца з супраціўнікаў Маіх, і адпомшчу ворагам Маім.
25 І павярну руку Маю на цябе, і лугам ачышчу руду тваю, і прыбяру ўсё волава тваё.
26 І ўзнаўлю судзьдзяў тваіх, як былі раней, і раднікаў тваіх — як было на пачатку. Тады назавуць цябе Горадам Праведнасьці, Цьвярдыняй вернай».
27 Сыён будзе выбаўлены праз правасудзьдзе, а тыя, што навернуцца ў ім — праз праведнасьць.
28 І [будзе] загуба для адступнікаў і грэшнікаў, і тыя, што пакідаюць ГОСПАДА, загінуць.
29 Бо сорамна будзе вам дзеля дуброваў, якія вам падабаюцца, у ганьбе будзеце дзеля садоў, якія вы сабе выбралі.
30 Бо вы станецеся як той дуб, лісьце якога ссохла, і як сад, у якім няма вады.
31 І станецца дужы як зрэб’е, а праца ягоная — як зьнічка, і згараць яны разам, і ня будзе каму тушыць.
1 ЯНА 1 : 9
9 Калі вызнаем грахі нашыя, Ён верны і праведны, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці.
МАЦЬВЕЯ 16 : 1 – 28
1 І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.
2 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”.
3 І раніцаю: “Сёньня непагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце?
4 Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
5 І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба.
6 А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай».
7 Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі».
8 Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі?
9 Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі?
10 Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі?
11 Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?»
12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але вучэньня фарысэйскага і садукейскага.
13 А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?»
14 А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў».
15 Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?»
16 Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».
17 І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе.
18 І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе.
19 І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе».
20 Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
21 Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
22 І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!»
23 Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае».
24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.
25 Бо хто хоча душу сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе.
26 Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
27 Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
28 Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім».
Leave a Reply