Гэта біблейскія вершы, якія кажуць пра наступнае асобна стаяць
2 ЦІМАФЕЯ 2 : 15
15 Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды.
ЯКУБА 1 : 1 – 27
1 Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці каленам, што ў расьцярушаньні: радавацца!
2 Вялікай радасьцю лічыце, браты мае, калі трапляеце ў розныя спакусы,
3 ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры робіць цярплівасьць.
4 А цярплівасьць няхай мае дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалымі і суцэльнымі, без аніякага недахопу.
5 Калі ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчыра і не дакараючы, і будзе яму дадзена.
6 Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняецца, падобны да хваляваньня марскога, якое вецер уздымае і ганяе.
7 Дык няхай не мяркуе гэтакі чалавек, што нешта атрымае ад Госпада.
8 Двудушны чалавек няцьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
9 Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваёй высокасьцю,
10 а багаты — сваім паніжэньнем, бо праміне, як кветка на траве.
11 Бо ўзыходзіць сонца са сьпёкаю і сушыць траву, і кветка яе падае, і хараство аблічча яе зьнікае; гэтак і багаты на шляхах сваіх счэзьне.
12 Шчасьлівы чалавек, які вытрымлівае спакусу, бо, стаўшыся выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
13 Спакушаны, ніхто няхай ня кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца злом, і Сам нікога не спакушае.
14 А кожны спакушаецца, захоплены і прываблены ўласным пажаданьнем;
15 пасьля пажаданьне, зачаўшы, нараджае грэх, а грэх, як яго давесьці да канца, спараджае сьмерць.
16 Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя:
17 усякі дар добры і ўсякі дарунак дасканалы зыходзяць з вышыні, ад Айца сьвятла, у Якога няма рознасьці, ані ценю зьменлівасьці.
18 Захацеўшы, Ён спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам стварэньняў Ягоных.
19 Так што, браты мае ўлюбёныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі, каб слухаць, павольны, каб гаварыць, павольны на гнеў,
20 бо гнеў чалавека ня чыніць праведнасьці Божае.
21 Дзеля гэтага, адкінуўшы ўсякі бруд і празьмернасьць ліхоты, у ціхасьці прыйміце насаджанае слова, якое можа збавіць душы вашыя.
22 Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, якія ўводзяць у зман саміх сябе.
23 Бо хто слухае слова і не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядае аблічча сваё, [якое мае ад] нараджэньня, у люстэрку;
24 бо ён паглядзеў на сябе, і адыйшоў, і адразу забыўся, які ён.
25 А хто прыхіляецца да дасканалага закону свабоды і трывае [ў ім], той, стаўшыся не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, шчасьлівы будзе ў дзейнасьці сваёй.
26 Калі хто сярод вас думае, што ён пабожны, і не цугляе язык свой, але падманвае сэрца сваё, у таго пабожнасьць марная.
27 Чыстая і беззаганная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць у тым, каб адведваць сіротаў і ўдоваў у горы іхнім і захоўваць сябе неапаганеным ад сьвету.
ЯРЭМІЯ 29 : 11
11 Бо Я ведаю намеры, якія Я маю адносна вас, кажа ГОСПАД, намеры супакою, а ня гора, каб даць вам будучыню і надзею.
ЛУКІ 3 : 1 – 38
1 А ў пятнаццаты год панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понтый Пілат панаваў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, — тэтрархам у Ітурэі і раханіцкай краіне, а Лісані — тэтрархам у Абіліне,
2 пры першасьвятарах Аньне і Каяфе было слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
3 І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Ярданскіх, прапаведуючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў,
4 як напісана ў кнізе словаў прарока Ісаі, які кажа: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго;
5 усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай панізяцца, крывізны няхай выпрастуюцца, і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;
6 і ўгледзіць усякае цела збаўленьне Божае”».
7 І казаў ён натоўпам, якія прыходзілі хрысьціцца ў яго: «Спараджэньні яхідны, хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад гневу, які надыходзіць?
8 Зрабіце плады, годныя навяртаньня, і не пачынайце гаварыць у сабе: “Бацьку маем Абрагама”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.
9 Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, сьсякаецца і кідаецца ў агонь».
10 І спытаўся ў яго натоўп, кажучы: «Дык што нам рабіць?»
11 А ён, адказваючы, кажа ім: «Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць тое самае».
12 Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца, і сказалі яму: «Настаўнік, што нам рабіць?»
13 А ён сказаў ім: «Нічога не бярыце больш таго, што вам загадана».
14 Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А нам што рабіць?» І ён сказаў ім: «Нікога ня крыўдзьце, не абвінавачвайце фальшыва і задавальняйцеся платай сваёй».
15 І народу, які чакаў і разважаў у сэрцах сваіх адносна Яна, ці не Хрыстос ён,
16 адказаў Ян усім, кажучы: «Я хрышчу вас вадою, але ідзе Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.
17 Веялка Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць ток Свой, і зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свой, а салому спаліць агнём незгасальным».
18 І шмат іншага дабравесьціў ён народу, навучаючы яго.
19 А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата ягонага, і за ўсё, што Ірад зрабіў злога,
20 дадаў да ўсяго і тое, што замкнуў Яна ў вязьніцу.
21 І сталася, калі хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, адчынілася неба,
22 і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, які казаў: «Ты — Сын Мой Улюбёны; у Табе Я маю ўпадабаньне».
23 І меў Ісус, пачынаючы [служэньне], гадоў каля трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Гэліяў,
24 Мататаў, Левіяў, Мэльхіяў, Янаяў, Язэпаў,
25 Мататыяў, Амосаў, Навумаў, Эсьліяў, Нагеяў,
26 Магатаў, Мататыяў, Сэмэяў, Язэпаў, Юдаў,
27 Яанаяў, Рэсаеў, Зэрубабэляў, Салятыэляў, Нэрыяў,
28 Мэльхіяў, Аддыяў, Касамаў, Эльмадамаў, Іраў,
29 Ёсіяў, Эліезэраў, Ярымаў, Мататаў, Левіяў,
30 Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Янанаў, Эліякімаў,
31 Мэлеаяў, Маінанаў, Мататаў, Натанаў, Давідаў,
32 Есэяў, Абэдаў, Боазаў, Сальмонаў, Наасонаў,
33 Амінадабаў, Арамаў, Эсромаў, Пэрэсаў, Юдаў,
34 Якубаў, Ісаакаў, Абрагамаў, Тэрахаў, Нахораў,
35 Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Гэбэраў, Салаў,
36 Каінанаў, Арфаксадаў, Сэмаў, Нояў, Лямэхаў,
37 Мэтушаляхаў, Энохаў, Ярэдаў, Магалялеэляў, Кейнанаў,
38 Эносаў, Сэтаў, Адамаў, Божы.
Leave a Reply